Фінскую ўсепагодную снежную гармату выпрабоўваюць на біятлоннай базе ў Наваполацку

Финскую всепогодную снежную пушку испытывают на биатлонной базе в Новополоцке

Арандаваную ў Фінляндыі снежную гармату, якая працуе нават пры плюсавай тэмпературы, выпрабоўваюць на базе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, паведаміў дырэктар установы Валерый Гушчын.

Выхаванцы вучылішча сёння пры тэмпературы плюс 10 градусаў усталі на лыжы і выпрабавалі трасу, створаную з дапамогай усепагоднага комплексу Snowgen-110. Дадзеная ўстаноўка, якая, дарэчы, забяспечвала правядзенне спаборніцтваў на Алімпіядзе ў Сочы, пастаўлена на базу ўстановы 29 кастрычніка. "Справа ў тым, што ў апошнія дні чэмпіянату свету па біятлоне ў Раўбічах былі праблемы з-за раставання снегу. А дадзеная ўстаноўка можа вырабляць яго нават пры тэмпературы плюс 20 градусаў. Таму па рашэнні Беларускай федэрацыі біятлона і пры садзейнічанні яе афіцыйнага спонсара навукова-вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю "ОКБ ТСП" дадзены комплекс быў арандаваны і прывезены да нас для выпрабаванняў, каб пераканацца, што ён прыдатны для выкарыстання ў нашых умовах", - растлумачыў Валерый Гушчын.

За гэты час была падрыхтавана лыжня ў 400 м з таўшчынёй покрыва каля 60 см, яе абнаўленне працягваецца пастаянна і мяркуецца павялічыць працягласць да 500 м. У цэлым кіраўніцтва ўстановы і навучэнцы задаволены вынікам: снег атрымаўся добры, лыжы па ім слізгаюць нават хутчэй, чым па натуральным. Ацанілі працу ўстаноўкі і госці сённяшніх выпрабаванняў - генеральны сакратар Беларускай федэрацыі біятлона Анатоль Стромскі і дырэктар НВАА "ОКБ ТСП" Ігар Ганчарук.

Яны прыйшлі да высновы, што фінскі комплекс варта арандаваць, калі ў Раўбічах будуць праходзіць важныя спаборніцтвы, а таксама выказаліся за тое, каб падобныя снежныя гарматы выраблялі ў Беларусі, бо тэхналогія не так ужо і складаная. Выпрабаванні комплексу Snowgen-110 у Наваполацку працягнуцца да 10 лістапада.

Кацярына Князева, БЕЛТА.