Фірменная крама МТЗ з'явіцца ў Віцебску
Віцебск стане адным з першых абласных цэнтраў Беларусі, дзе будзе адкрыта фірменная крама Мінскага трактарнага завода. Пра гэта ў Віцебску паведаміў генеральны дырэктар ААТ "МТЗ" Фёдар Даматэнка.
Прадстаўнікі мінскага прадпрыемства прыбылі ў Віцебск на сустрэчу з кіраўніцтвам аблвыканкама. На абмеркаванне вынесена некалькі блокаў пытанняў, у тым ліку пастаўка новай тэхнікі, арганізацыя агрэгатнага рамонту энергонасычаных трактароў і адкрыццё крамы.
"Будзем вырашаць пытанне аб адкрыцці фірменнай крамы па продажы запасных частак нашай тэхнікі для фермераў. Пакуль такі аб'ект толькі адзін - ён знаходзіцца ў Мінску недалёка ад завода, у перспектыве такія крамы будуць адкрыты ў кожным абласным цэнтры. У нас ёсць прапановы практычна з усіх рэгіёнаў, але Віцебская вобласць унесла прапанову, апярэдзіўшы ўсіх", - падзяліўся планамі гендырэктар.
Мяркуецца, што фірменная крама трактарнага завода будзе размешчана на плошчах закрытага гандлёвага аб'екта аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў. Крама будзе пераабсталявана, аформлена ў фірменным стылі, акрамя запчастак там будзе прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі, у тым ліку чыгунныя пліты для печаў, сякеры і іншы інструмент.
Па выніках сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме бакі маюць намер падпісаць стратэгічнае пагадненне аб супрацоўніцтве.