ФК «Віцебск» атрымаў права выступаць у вышэйшай лізе
Згуляўшы ў паўторнай гасцявой сустрэчы ўнічыю 1:1 з магілёўскім «Дняпром», футбалісты «Віцебска» заваявалі права выступаць у наступным сезоне ў вышэйшай лізе нацыянальнага першынства. Пасля хатняй вікторыі 2:0 у віцяблян быў адчувальны запас трываласці, у той час як гаспадарам трэба было ісці ва-банк. Варта адзначыць, што нягледзячы на тое, што ўваход на магілёўскі стадыён «Спартак» ў суботні дзень быў вольны, а заўзятарам прапаноўваўся гарачы чай, толькі каля тысячы гледачоў сабралася на трыбунах. Ды і то значную частку складалі прыбылыя з берагоў Дзвіны фанаты «Віцебска».
Як і ў першай гульні, асноўныя падзеі на полі адбыліся бліжэй да фінальнага свістка. Спачатку, скарыстаўшыся памылкай нашага абаронцы, нападнік магілёўцаў распячатаў вароты Юрыя Васюціна, а за дзве хвіліны да заканчэння матчу віцябляне аднавілі раўнавагу ў ліку. Сімвалічна, што, як і за тры дні да гэтага, апошняе слова засталося за нашым ветэранам Андрэем Баранком, які не адзін сезон гуляў у вышэйшым дывізіёне. Хочацца верыць, што вынік двухматчавага проціборства невыпадковы, і
«Віцебск» будзе годна прадстаўляць наш абласны цэнтр на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Пасля матчу галоўны трэнер віцяблян Сяргей Вехцеў адзначыў карпатлівую працу ўладаў горада і вобласці, якія зацікаўлены, каб «Віцебск» узрадзіў свае традыцыі ў вышэйшай лізе.