Сцяг, гімн і спартыўныя пляцоўкі з'явяцца ў Паставах да 600-годдзя горада
22 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сцяг, гімн, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і шэсць спартыўных пляцовак з'явяцца ў Паставах (Віцебская вобласць) да 600-годдзя горада. Урачыстасці пройдуць 3-5 ліпеня бягучага года, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў.
Праект сцяга горада, у аснову якога пакладзены старажытны герб Пастаў, ужо зацверджаны Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Беларусі. А вось гімн яшчэ трэба будзе выбраць. У фінал конкурсу выйшлі пяць варыянтаў, напісаных мясцовымі аўтарамі. У іх запісе прынялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы раёна - народны хор інтэлігенцыі і народны хор ветэранаў вайны і працы "Памяць". Як чакаецца, у бліжэйшы час журы назаве пераможцу, і горад атрымае сваю слаўную песню.
Аднак самым важным для пастаўчан застаецца добраўпарадкаванне свайго населенага пункта. Напярэдадні юбілею асаблівая ўвага будзе нададзена ўскраінам і прыватнаму сектару. Тут з'явяцца добраўпарадкаваныя стаянкі для аўтатранспарту, заправачная станцыя. Юныя пастаўчане атрымаюць у падарунак шэсць спартыўных пляцовак. Прадпрыемствы раёна ўжо нарыхтавалі дэталі футбольньіх варот, баскетбольных шчытоў, турнікаў. У жылым мікрараёне ў гэтым годзе завершыцца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У Год роднай зямлі ў райцэнтры, пасёлках і аграгарадках плануецца высадзіць больш за тысячу дрэў і кустоў і некалькі дзясяткаў тысяч кветак. Сродкі на добраўпарадкаванне пастаўчане вырашылі зарабіць на суботніках.
Да святкавання 600-годдзя прымеркавана правядзенне XII Міжнароднага фестывалю "Звіняць цымбалы і гарманік", які таксама пройдзе 3-5 ліпеня.
У Х стагоддзі на беразе ракі Мядзёлкі вырасла вёска Пасаднік. У 1409 годзе яе ўладальнік Дзеспат-Зеновіч атрымаў ад Вялікага Княства Літоўскага грамату на перавод вёскі ў разрад горада з прысваеннем яму назвы Паставы. Свайго росквіту горад дасягнуў у XVIII стагоддзі пры Антоніі Тызенгаўзе - падскарбіі Вялікага Княства Літоўскага. Пры ім з'явіліся першыя мураваныя дамы і першыя прадпрыемствы. -0-