Фонд Марка Шагала ствараецца ў Віцебску

17 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У Віцебску ствараецца Фонд Марка Шагала. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У стварэнні фонду возьмуць удзел Віцебскі гарвыканкам і Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. Галоўнай яго мэтай стане ўвекавечанне памяці геніяльнага мастака на яго радзіме - у Віцебску. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб узнаўленні квартала Марка Шагала на Пакроўскай вуліцы, дзе захаваўся дом мастака. Старшыня аблвыканкама таксама паведаміў, што ўлады вядуць перамовы з нашчадкамі Марка Шагала аб магчымасці экспанавання ў Віцебску сапраўдных работ майстра. Пакуль у горадзе, дзе было створана 15 палотнаў, не бачылі ніводнага арыгінала. У Віцебску рэалізуецца нямала праектаў, падобных да узнаўлення квартала Марка Шагала, накіраваных на стварэнне турыстычнай і дасугавай інфраструктуры. З'явіліся новыя зоны адпачынку на рацэ Віцьба, добраўпарадкавана культурна-дасугавая частка плошчы Перамогі, пешаходнай стала найстарэйшая вуліца ім. Суворава. Гэта надало імпульс развіццю турысцка-экскурсійных паслуг. У 2009 годзе аб'ём платных турыстычных і экскурсійных паслуг у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на Br2,7 млрд. і склаў Br10,2 млрд., платных паслуг фізічнай культуры і спорту - на Br926 млн. да больш Br4 млрд. -0-