Фонд міру і Чырвоны Крыж дапамагаюць медыкам Віцебскай вобласці ў барацьбе з каронавірусам
Так, Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру выдзеліла медустановам рэгіёна яшчэ 9 тыс. рублёў. Нагадаем, да гэтага міратворцы накіравалі 3 тыс. рублёў на набыццё сродкаў абароны для работнікаў абласной інфекцыйнай бальніцы. На гэты раз закупіць аналагічныя вырабы дапамаглі калектывам Бешанковіцкай, Мёрскай і Браслаўскай цэнтральных раённых бальніц.
Для Докшыцкай ЦРБ набылі кіслародны канцэнтратар, неабходны для цяжкіх пацыентаў з пнеўманіяй, для Росанскай – апырсквальнікі для апрацоўкі спецыяльнай медыцынскай тэхнікі. У Глыбокім і Паставах аказалі фінансавую дапамогу службе рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.
Агульная сума пералічаных сродкаў склала 12 тыс. рублёў, і дадзеная падтрымка будзе працягнута.
Абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа перадала рэспіратары медыкам Наваполацка, Росані, падпарадкаванай МУС Віцебскай паліклініцы ім. Калініна, а таксама камплекты індывідуальных ахоўных накідкаў-халатаў у Мёры, Гарадок, Бешанковічы і Наваполацк.
У цяперашні час вырашаецца пытанне па дастаўцы пітной вады для пацыентаў і супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя і арганізацыі абедаў для медыкаў.
Дапамагае Чырвоны Крыж сродкамі індывідуальнай абароны і іншым службам, якія таксама актыўна працуюць з насельніцтвам. У прыватнасці, забяспечыў ТЦСАНы антысептыкам для апрацоўкі рук і пальчаткамі, паставой службе Дзяржаўтаінспекцыі – рэспіратарамі.