Фонд "Віцебскаблмаёмасць" упершыню арганізуе конкурс па продажы прадпрыемства адзіным комплексам
1 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фонд "Віцебскаблмаёмасць" упершыню арганізуе прыватызацыю стратнага камунальнага прадпрыемства шляхам яго конкурснага продажу ў якасці адзінага маёмаснага комплексу. На конкурс, які адбудзецца 30 чэрвеня, выстаўлена камунальнае ўнітарнае прадпрыемства "Росанскі камбінат прамысловых тавараў" (Росанскі КПТ), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў фондзе.
Маёмасны комплекс прадпрыемства ўключае сем будынкаў і збудаванняў агульнай плошчай звыш 3,3 тыс. кв.м пабудовы канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У склад лота таксама ўключана права 10-гадовай арэнды зямельнага ўчастка плошчай 1,6 га. Пачатковы кошт продажу прадмета конкурсных таргоў устаноўлены ў памеры амаль Br58 млн. Патэнцыйныя ўдзельнікі конкурсу абавязуюцца прадставіць інвестыцыйны праект па арганізацыі камерцыйнай дзейнасці на вытворчай базе Росанскага КПТ, які прадугледжвае стварэнне да канца 2012 года 30 працоўных месцаў, а таксама пагашэнне нявыкананых абавязацельстваў прадпрыемства. Пры вызначэнні пераможцы прыярытэтнымі ўмовамі будуць найвышэйшы прапанаваны кошт і адпаведнасць інвестпраекта ўмовам конкурсу.
Па стане на 1 студзеня 2010 года ацэначны кошт асноўных сродкаў Росанскага КПТ складае больш Br686 млн., а агульная сума абавязацельстваў перавышае Br472,5 млн. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці гатовых тэкстыльных вырабаў (акрамя адзення), а таксама сталярных вырабаў. Памер страт па выніках 2009 года перавысіў Br103, 6 млн.
Конкурс па продажы маёмаснага комплексу стратнага прадпрыемства арганізаваны ў адпаведнасці з указам №113 ад 25 лютага 2008 года. У бягучым годзе фонд "Віцебскаблмаёмасць" плануе аналагічным спосабам прыватызаваць яшчэ адно камунальнае прадпрыемства.-0-