Фонд "Залатая спадчына Віцебска" правядзе за мяжой серыю канферэнцый па міжкультурным дыялогу
7 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародны фонд "Залатая спадчына Віцебска" ініцыюе правядзенне серыі канферэнцый па міжкультурным дыялогу ў шэрагу замежных краін, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карыткін. У Віцебску ён прымае ўдзел у рабоце XI рэспубліканскай выставы-кірмашу "Малы бізнес у фестывальным Віцебску".
Грамадская арганізацыя, зарэгістраваная ў 2010 годзе, займаецца інтэграваннем разнастайных праектаў па аднаўленні гістарычнай часткі Віцебска, звязанай з імем Марка Шагала, і прыцягненнем фінансавых рэсурсаў на іх рэалізацыю. Правядзенне мерапрыемстваў па міжкультурным дыялогу дапаможа фонду прапагандаваць інвестпраект сярод патэнцыйных інвестараў і ў перспектыве прыцягнуць рэсурсы разнастайных дабрачынных арганізацый і бізнес-структур да фінансавання будаўніцтва, рэканструкцыі і развіцця інфраструктуры гістарычнай часткі Віцебска, упэўнены Уладзімір Карыткін.
Для аднаўлення ўчасткаў старажытнага горада, звязаных з імем Марка Шагала, неабходна каля Br1 млрд., што прадугледжвае ўзвядзенне выставачных цэнтраў і пляцовак для экспанавання мастацкіх твораў, аднаўленне культавых аб'ектаў. "Усё гэта павінна працаваць на брэнд Віцебска як мастацкага, музычнага і культурнага цэнтра не толькі Беларусі", - адзначыў Уладзімір Карыткін.
Праект прадугледжвае рэканструкцыю гарадскога квартала змешанай забудовы XVIII-XIX стагоддзяў плошчай каля 50 га, размешчанага паміж чыгуначным вакзалам і ракой Заходняя Дзвіна. Акрамя стварэння музейных і мастацкіх устаноў для правядзення выстаў і пленэраў праект прадугледжвае стварэнне жылой, гандлёвай і зоны адпачынку, будаўніцтва новых і рэканструкцыю гістарычных аб'ектаў рознага функцыянальнага прызначэння. Аўтары праекта разлічваюць на аднаўленне гістарычнага асяроддзя канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, у якім жыў і тварыў Марк Шагал і іншыя знакамітыя мастакі Віцебскай мастацкай школы.-0-