Фонтан, алея маладажонаў і бульвар ліхтароў з'явіліся ў Талачыне
У Талачыне з'явіліся фантана, алея маладажонаў і бульвар ліхтароў. Як паведамілі ў Талачынскім райвыканкаме, узвядзенне новых аб'ектаў – частка праграмы комплекснай рэканструкцыі і мадэрнізацыі, якая праводзілася ў горадзе падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі".
Цэнтр горада цалкам абнавіўся: рэканструявана цэнтральная плошча і гарадскі сквер. "Плошча выкладзена ў трохкаляровую плітку, на скрыжаванні цэнтральных вуліц горада ўстаноўлены святлафор, уздоўж вуліцы Леніна абсталяваны бульвар ліхтароў. Гэта падарунак гараджанам ад прадпрыемстваў раёна – на кожным з 16 дэкаратыўных свяцільнікаў ёсць таблічка з назвай арганізацыі, якая прыняла ўдзел у стварэнні бульвара", – растлумачылі ў райвыканкаме. Гарадскі сквер ператварыўся ў сучасную зону адпачынку. Тут высаджаны дрэвы і кветкі, выкладзены дарожкі, абсталяваны дзіцячая і канцэртная пляцоўкі, абноўлена Алея славы з партрэтамі выдатных землякоў, з'явіўся фантана і комплекс для закаханых.
"Так, алея маладажонаў уключае каваную альтанку ў выглядзе каляскі і лаўку закаханых, арку ў выглядзе дзвюх паловак сэрца, дэкаратыўны мосцік кахання, на якім маладыя змогуць замацаваць свой замочак", – расказалі ў райвыканкаме. У цэлым да свята ў горадзе адрамантавана і рэканструявана каля 100 аб'ектаў, у тым ліку Цэнтральная раённая бальніца, Дом культуры (цяпер гэта Цэнтр культуры), рэстаран, бібліятэка, школы, дзіцячыя сады. Капітальна адрамантавана больш за 20 жылых дамоў, праведзена добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый, устаноўлена дзіцячае гульнявое абсталяванне, заасфальтаваны вуліцы, прыведзены ў парадак фасады ўстаноў і арганізацый.
Фінансаванне работ вялося з розных крыніц: грошы выдзяляліся з рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў, значную дапамогу аказалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. У райвыканкаме падкрэслілі, што горад ператварыўся да непазнавальнасці, папрыгажэў, стаў больш камфортным для пражывання і цікавым для турыстаў. Першымі гасцямі абноўленага Талачына 3 кастрычніка стануць лепшыя хлебаробы рэгіёну, а таксама госці і ўдзельнікі абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі".
Алена Ціханава, БЕЛТА. Фота "Наша Талачыншчына".