Фантан для закаханых, скульптуры Сені і Вадзяніка. Як зменіцца Сенна да «Дажынак-2016»?

Фонтан для влюбленных, скульптуры Сени и Водяника. Как изменится Сенно к «Дажынкам-2016»?
Як райцэнтр рыхтуецца да «Дажынак», што ўжо зроблена і якія планы на найбліжэйшую будучыню, карэспандэнту «ВВ» распавёў старшыня Сенненскага райвыканкама Васіль Чараднік:

– На сённяшні дзень справіліся з праектна-каштарыснай дакументацыяй, вышукальніцкімі работамі, праведзены таргі. Застаецца толькі будаваць. У цэлым абновяцца і будуць узведзены 180 аб'ектаў. Пакуль на іх штодзённа працуюць 400 будаўнікоў, але ў найбліжэйшы час колькасць рабочых складзе не менш за 600 чалавек.

Значна зменіцца цэнтр горада. Акрамя мадэрнізацыі існуючых будынкаў, узвядзём новы загс з фантанам для закаханых, вуліца Савецкая часткова стане пешаходнай. Вялікія работы вядуцца ў парку Трох Герояў, дзе рэканструюем курган, прысвечаны Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, усталюем памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам з капліцай і альтанкай, а таксама – 10-12 адзінак ваеннай тэхнікі. Пакуль у нас ёсць БТР, БМП, САУ, некалькі артылерыйскіх гармат, Міністэрства абароны абяцае 2-3 самалёты. Дарэчы, парк названы ў гонар баявога разліку «катюшы», які загінуў у гады вайны. Тры члены экіпажа ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, спрабуем знайсці «катюшу», каб усталяваць ля іх брацкай магілы.

Добраўпарадкуем набярэжную ўздоўж возера Сенненскае, дзе з'явіцца фігура Вадзяніка – персанажа народнай міфалогіі. Нядалёка гасцей таксама будзе вітаць скульптура Сені Сенненскага – гэта зборны вобраз гараджаніна. Адным са знакавых аб'ектаў з'яўляецца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Раней ФАК не ацяпляўся, цяпер жа ён будзе мець аўтаномную кацельню, што дазволіць спартсменам займацца ў камфортных умовах у халодны час года.


Капітальны рамонт жылога фонду набірае абароты. Замена даху, тэрмаранавацыя закране 31 шматкватэрнага дома, у звычайныя гады падобнага аб'ёму работ нам бы хапіла на дзесяцігоддзе. Акрамя таго, яшчэ ў 28 дамах будзе праведзены бягучы рамонт. Значныя сродкі ўкладваем у дваравыя тэрыторыі, абсталюем зялёныя зоны, пры неабходнасці пашыраем стаянкі для асабістага аўтатранспарту.

 Выконваючы ўсе віды работ, мы кіруемся пазіцыяй старшыні аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, што пераўтварэнні патрэбныя для зручнасці мясцовых жыхароў, а не дзеля таго, што ў Сянне пройдуць «Дажынкі». Карыстаючыся выпадкам, хачу таксама падзякаваць за арганізацыйную падтрымку і фінансавую дапамогу старшыню абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Уладзіміравіча Церанцьева, намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Мікалаевіча Белавуса, начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Барыса Валянцінавіча Кічаноўскага.

Упэўнены, што сёлетні год стане новым этапам развіцця Сянна і раёна ў цэлым.

Сяргей Ляшук. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».