Фантанны Віцебска зачыняюць сезон восеньскімі баламі

6 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фонтаны Віцебска закрываюць сезон восеньскімі баламі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. Першае чароўнае дзейства разгорнецца на плошчы Перамогі 7 кастрычніка а 19.00. Пад пранікнёныя гукі сусветна вядомых рамантычных кампазіцый "Балада для Адзіны" Фрэнка Дзюваля, "Час развітання" Сары Брайтман і Андрэа Бачэлі, "Белавежская пушча" "Песняроў" чатыры светламузычныя фонтаны затанцуюць, змяняючы свой колер і вышыню ў адпаведнасці з рытмам мелодый. Танец фонтанаў, спецыяльна падрыхтаваны і ўжо адрэпетыраваны, будзе суправаджацца відэашэрагам пра Віцебск на двух вялікіх святлодыёдных экранах. Палюбавацца на цудоўную водную феерыю можна будзе і ўсе наступныя дні, расказалі спецыялісты, адзначыўшы, што іх колькасць будзе вызначана надвор'ем. Як толькі тэмпература апусціцца ніжэй за аптымальную для працы фонтанаў, іх давядзецца выключыць. Новыя рамантычныя вечары адновяцца з прыходам цяпла ўжо ў наступным годзе. Пры гэтым для новай сустрэчы віцебскія фонтаны ўключаць у сваю праграму танцы не толькі пад павольныя балады, але і запальныя рытмы, паабяцалі ў гарвыканкаме. Святлодынамічныя фонтаны з'яўляюцца складанымі збудаваннямі, якія спалучаюць дынаміку струй і святла, партытура якіх пішацца пад пэўную музыку. У дзеянні яны ўяўляюць сабой незвычайнае па прыгажосці відовішча. Штогод велізарная колькасць людзей збіраецца, каб паглядзець на зачаравальны танец аднаго са старэйшых механізмаў Еўропы "Чароўнага фонтана" ў Барселоне (Іспанія), "Bellagio" у Лас-Вегасе (ЗША), сучаснага Дубайскага фонтана ў ААЭ, які стаў самым дарагім у свеце. -0-