Стварэнне ўчастковых выбарчых камісій павінна прайсці так жа празрыста, як і акруговых - Н.Лазавік
13 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік заклікаў правесці фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій таксама адкрыта, як фарміраванне акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Сёння ў Віцебску з яго ўдзелам прайшоў семінар са старшынямі, іх намеснікамі і сакратарамі акруговых выбарчых камісій вобласці, а таксама з намеснікамі старшынь раённых і гарадскіх выканкамаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фарміраванне акруговых выбарчых камісій ва ўсіх абласцях краіны завершана і, на думку Мікалая Лазавіка, прайшло празрыста. "Фарміраванне акруговых выбарчых камісій правялі ўсе вобласці. Адкрыта абмеркавалі кандыдатуры ў склад камісій і прынялі рашэнне", - канстатаваў сакратар Цэнтрвыбаркама. Ён настойліва рэкамендаваў такім жа шляхам - з запрашэннем усіх зацікаўленых асоб, адкрыта і празрыста ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам правесці фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій. Гэты этап выбарчай кампаніі павінен завяршыцца не пазней 8 жніўня ўключна. Вылучаць кандыдатаў у члены камісіі могуць грамадскія аб'яднанні, партыі, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам падачы заяў.
На навучальным семінары ў Віцебску Мікалай Лазавік пазнаёміў членаў акруговых выбарчых камісій з новаўвядзеннямі выбарчага заканадаўства, пракаменціраваў усе этапы работы акруговай і ўчастковых камісій і адказаў на пытанні.
Серыя навучальных семінараў для членаў выбарчых камісій пройдзе ва ўсіх абласцях. "Сёння мы рыхтуемся да наступнага этапу выбарчай кампаніі - рэгістрацыі ініцыятыўных груп, вылучэння кандыдатаў у дэпутаты і самага цікавага - агітацыйнага этапу", - сказаў Мікалай Лазавік.
Згодна з каляндарным планам выбараў у Палату прадстаўнікоў вылучэнне кандыдатаў будзе праходзіць з 15 ліпеня па 13 жніўня. У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Беларусі кандыдатаў у склад акруговых камісій прапануюць палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, а таксама групы грамадзян шляхам падачы заявы. Далей неабходна прадставіць спіс членаў ініцыятыўнай групы, якая будзе займацца зборам подпісаў у падтрымку кандыдата, і заяву аб рэгістрацыі. Дакументы прымае акруговая выбарчая камісія таго акругі, па якім балатавацца дэпутат. На перадвыбарную агітацыю адводзіцца месяц.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання прызначаны на 23 верасня.-0-