ФОТАФАКТ: У Віцебску працуе выстава тэхнікі, якая выпускаецца арганізацыямі Міністэрства прамысловасці
У Віцебску на плошчы Свабоды праходзіць выстава тэхнікі, якая выпускаецца арганізацыямі Міністэрства прамысловасці. На ёй можна ўбачыць самыя актуальныя і сучасныя мадэлі такіх буйных беларускіх вытворцаў, як Geely, «Гомсельмаш», Віцязь, БелАЗ, ЗЛіН, Мінскі маторны завод, «Лідаграпраммаш», «Бабруйскаграмаш», «Аршааграмаш».
Усе экспанаты па-свойму ўнікальныя. Да прыкладу, Беларускі металургічны завод дэманструе не толькі слесарны інструмент і посуд з чыгуну, якія выпускаюцца імі, але і прыгожыя, арыгінальныя рушнікі.
– У распрацоўцы арнаменту на адным з іх удзельнічаў сам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, – расказала начальнік аддзела па рэкламе і інфармацыйных тэхналогіях прадпрыемства Аксана Дзюбкіна. – А шрыфт для вышыўкі на рушніках распрацавалі крыміналісты: згодна з задумкай гэта почырк моцнага, смелага і добрага чалавека.
Таксама ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены буйныя і легкавыя аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка.
Экспазіцыю можна наведаць 22 і 23 верасня з 10.00 да 12.00, а 24 верасня – да 16.00.