Фотарэпартаж: Наваполацк адсвяткаваў 65-годдзе


Разам з наваполачанамі на чале шэсця прайшлі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, абласной і гарадской улады, грамадскіх аб'яднанняў. Цёпла сустракалі апладысментамі жыхары горада старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая была кіраўніком гарвыканкама і ўнесла вялікі ўклад у развіццё нафтаграда.

У знакавы для Наваполацка год горад носіць ганаровае званне маладзёжнай сталіцы Беларусі. Актыўная моладзь пранесла па цэнтральнай вуліцы Наваполацка сцяг горада пад гукі духавога аркестра і бой барабанаў чароўных мажарэтак. Маленькія навапалачане, быццам яркія сонейкі, ззялі шчаслівымі ўсмешкамі.

Госці свята здзейснілі своеасаблівы экскурс у гісторыю ад першай палаткі будаўнікоў горада да сучаснасці. У святочнай калоне прайшлі прадстаўнікі будзвы, якая стаяла ля вытокаў узвядзення Наваполацка - трэста №16, і ўжо вядомых далёка за межамі краіны прадпрыемстваў, такіх як заводы "Нафтан" і "Палімір". Прамыслоўцы, урачы, педагогі, ветэраны працы, юныя зоркі спорту і мастацтва, ганаровыя грамадзяне Наваполацка, госці з гарадоў-пабрацімаў атрымалі сваю порцыю прывітанняў ад калег, сяброў і знаёмых, якія выстраіліся ў жывы калідор па шляху руху шэсця і здымалі відэа і фота на тэлефоны.

Урачыстая калона прайшла да плошчы Будаўнікоў, дзе для гасцей і ўдзельнікаў свята адбыўся яркі канцэрт з удзелам творчых калектываў горада.


"Я гэты горад вельмі люблю. Як і Полацк, так і Наваполацк – гэта мой родны горад. Я вырасла з ім, мы амаль равеснікі. Я заўсёды адчуваю пачуццё радзімы, пачуццё дома, цеплыню ў душы. Кожны раз, калі прыязджаю сюды, адчуваю сябе на сваёй роднай зямлі. Я адчуваю толькі любоў, удзячнасць да ўсіх, хто тут жыве, працуе, працягвае добрыя і слаўныя традыцыі горада", - сказала Наталля Качанава.


Яна адзначыла, што ў такі святочны дзень у гараджан і гасцей горада выдатны настрой. "Наваполацк заўсёды адзначае свой дзень нараджэння шырока і маштабна. Сёння наваполачане адчуваюць асаблівы гонар за свой горад, за тое, што яны зрабілі за такі няпросты з пункту гледжання гісторыі перыяд - 65 гадоў. Здавалася б, гэта не так шмат, а сёння Наваполацк - гэта прамысловы, адукацыйны, культурны цэнтр нашай краіны і Віцебскай вобласці. Мы ўдзячныя наваполачанам за тое, што яны робяць для свайго горада, для эканомікі краіны. Нізкі паклон усім, хто стаяў ля вытокаў станаўлення гэтага горада і будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода - гэта нашы першабудаўнікі, ветэраны, якімі па праву ганарыцца і горад, і краіна. Яны здзейснілі працоўны подзвіг, пабудаваўшы такі цудоўны горад і найбуйнейшы ў Еўропе нафтахімічны комплекс. Слава нашым працаўнікам, гораду, хай ён прырастае новымі наваполачанамі, якія гэтак жа будуць перадаваць гэтыя слаўныя традыцыі з пакалення ў пакаленне", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

"БЕЛТА"