Фотасушка, лепельская міля і забег на абцасах. Як Лепель адзначыў дзень горада
На гарадской плошчы прамаршыравалі духавы аркестр Заслонаўскага гарнізона, ансамбль барабаншчыц «Грацыя» і ўзорны духавы аркестр Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, прамчаліся байкеры, прадэманстравала майстэрства кіравання пераможца абласнога этапу конкурсу «Аўталедзі-2018» Вікторыя Барадзёнак, адбыліся
міні-марафон «Лепельская міля — 579», выстава тэхнікі і забег на абцасах.
На вуліцы Ленінскай і ў гарадскім парку, дзе разгарнуліся імправізаваныя падворкі сельсаветаў і ўстаноў адукацыі раёна, можна было пакаштаваць клёцкі, бліны, пампушкі, хатнія сыры і іншую смакату, набыць гародніну, садавіну, ягады. Рамеснікі і майстры Цэнтра рамёстваў прапаноўвалі сувенірныя магніцікі з Цмокам і нацыянальнай сімволікай, вязаныя шкарпэткі і шалі, капялюшыкі з рагозу і валянай воўны, упрыгожанні з бісеру, вырабы з дрэва і гліны.
У рамках свята прайшло некалькі конкурсаў. Лепшым падворкам сярод сельсаветаў прызнана Лепельскае. Самыя смачныя клёцкі прыгатаваў клуб нацыянальнай кухні «Стайскія прысмакі». У конкурсе пано з кветак «Мая малая радзіма» 1-е месца ў калектыўнай працы СШ №3 за кампазіцыю «Мой родны кут».
Раённы краязнаўчы музей упершыню арганізаваў фотасушку «Мой погляд на свет», куды запрасіў з дзясятак фатографаў рэгіёна.
За сродкі з раённага бюджэту сёлета набыты аўтобус для Бароўскай сярэдняй школы, ключы ад яго ўрачыста ўручаны дырэктару школы Дзіяне Мысінай.
– Галоўны скарб – людзі, дзякуючы якім рэгіён развіваецца і квітнее, – адзначыў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Ефрэмаў, віншуючы з святам лепельчан і гасцей горада.
Званне «Ганаровы грамадзянін горада» сёлета прысуджана дырэктару гімназіі імя І. Ерашова Раісе Баравец, якая ўсё жыццё аддала педагагічнай дзейнасці ў гэтай установе адукацыі.
У летнім амфітэатры ўзнагародзілі адораную і таленавітую моладзь, якая вызначылася ў вучобе, спорце, мастацтве. Сярод іх – выпускніца 2018 года гімназіі імя І. Ерашова Алеся Тарасевіч, якая на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове набрала найвышэйшы бал.
– Здаць на 100 балаў можна. Галоўнае – жаданне, – упэўнена выдатніца.
Удастоілася ўзнагароды педагагічная дынастыя Рабушчанка-Навіковых, якая налічвае тры пакаленні. Усе яны працуюць у Бароўскай СШ. Заснавальнікам дынастыі стала Святлана Іванаўна Рабушчанка, якая 24 гады аддала гэтай школе.
Працягвае эстафету яе дачка Марына з мужам Сяргеем Навіковым. Ужо больш за 10 гадоў Марына Вітальеўна выкладае гісторыю, а яе муж – фізкультуру. Два гады таму па слядах бабулі і бацькоў пайшла Анастасія Навікова, у роднай школе яна выкладае хімію і біялогію. Агульны педагагічны стаж дынастыі – 90 гадоў.
Уручылі дыпломы і настаўнікам у прафесіі. Начальнік цэха вытворчасці сухога абястлушчанага малака філіяла «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Ганна Плігоўка перадала свой вопыт многім пачаткоўцам, сярод якіх у 2007 годзе быў Сяргей Грыдзюшка, цяпер апаратчык упароўвання і згушчэння. Ганна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі за добрасумленную працу.
Па выніках 2011 года ёй прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Сяргей пад яе кіраўніцтвам асвойваў асновы прафесіі, а сёння ўжо сам вучыць маладых работнікаў, неаднаразова быў прызнаны лепшым па прафесіі, занесены на Дошку гонару прадпрыемства.
Дыпломы атрымалі трэнер і вучань (4) абласной СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ «Альбатрос», якая базуецца ў Лепелі.
Трэнер-выкладчык Дзмітрый Юшкевіч за час сваёй працы падрыхтаваў восем кандыдатаў у майстры і майстры спорту Іллю Палонскага, неаднаразовага чэмпіёна Рэспублікі Беларусь, пераможцу IV Еўрапейскіх студэнцкіх гульняў у Партугаліі, члена нацыянальнай зборнай каманды. Ілья ўжо сам трэніруе падрастаючае пакаленне.
Завяршыўся Дзень горада святочным канцэртам, феерверкам і дыскатэкай.