Фотавыстава БЕЛТА «Перамога – адна на ўсіх» адкрыецца ў Віцебску 7 красавіка
Адкрыццё рэспубліканскай фотавыстаўкі Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Перамога - адна на ўсіх", якая праходзіць у рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта "Кветкі Вялікай Перамогі!" і прымеркавана да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбудзецца 7 красавіка ў Віцебску.
Экспазіцыя ўключае каля 80 фотаздымкаў. Тут прадстаўлены рэдкія чорна-белыя фатаграфіі з архіва БелТА, у тым ліку вядомых ваенных карэспандэнтаў і малавядомыя кадры, а таксама лічбавыя каляровыя фотарботы цяперашніх супрацоўнікаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва.
Выстаўка "Перамога - адна на ўсіх" паказвае аўтарскі погляд праз аб'ектыў фотакамеры на розныя бакі і перыяды вайны (франтавыя бітвы, праца ў тыле, партызанская і падпольная барацьба, пакуты мірнага насельніцтва). Значная частка фотаздымкаў прысвечана тэме вызвалення абласных гарадоў рэспублікі, перыяду пасляваеннага аднаўлення.
Старт фотавыстаўкі быў дадзены 11 сакавіка 2015 года ў Гомелі. Экспазіцыя ўжо была прадстаўлена ў Магілёве. З 7 красавіка выстаўка будзе экспанавацца ў Віцебску, у фае Дома кіно ( вул. Леніна, д. 40). Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 12.00.
Пасля Віцебска фотавыстаўка БелТА працягне свой ваяж па абласных цэнтрах рэспублікі.
Алена Ціханава