Фотавыстава БЕЛТА "Пераможцы" адкрылася ў Віцебску

8 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Пераможцы" адкрылася сёння ў Доме кіно ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Новы праект БЕЛТА, прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, закліканы пазнаёміць з людзьмі, якія ў 1941-1945 гадах цаной сваёй крыві здабывалі для нас мір і свабоду. Менавіта таму асноўным жанрам больш за 70 шырокафарматных фатаграфій (70х50 см) стаў партрэт. На ўнікальных фотаздымках розных гадоў, большасць з якіх зроблены фотакарэспандэнтамі БЕЛТА, захаваны ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Характэрна, што на фотаздымках гледачы практычна не ўбачаць зброі, акопаў, руін, салдатскага строя. Гэтая выстава выключна пра асоб. Знаёмства з ёй дазволіць кожнаму асэнсаваць мінулае, каб зразумець сучаснасць, навучыць цаніць жыццё як вялікі скарб, гераічна адваяваны ў смяротнай бездані. У мерапрыемстве прынялі ўдзел ветэраны вайны і партызанскага руху, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук, прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, органаў мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскасць і моладзь. Віцебск стаў трэцім пасля Магілёва і Гомеля горадам, дзе будзе экспанавацца выстава "Пераможцы". Яе далейшы маршрут ляжыць у Гродна, а з 2 па 8 мая фотаэкспазіцыю змогуць убачыць жыхары і госці сталіцы.-0-