Фотавыстава КНР у Віцебску прысвечана 20-годдзю беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін
2 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння адкрываецца фотавыстава КНР, прысвечаная 20-годдзю дыпламатычных адносін Кітая і Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дзе разгорнута экспазіцыя.
Экспануецца каля 30 буйнафарматных работ, якія адлюстроўваюць развіццё разнабаковых адносін паміж Кітаем і Беларуссю за ўсе мінулыя гады. Здымкі рэпартажнага характару знаёмяць з важнымі момантамі ў жыцці дзвюх краін. І першы з іх зроблены 20 студзеня 1992 года ў Пекіне на падпісанні пагаднення аб устанаўленні дыпламатычных адносін. Наведвальнікі выставы ўбачаць таксама фатаграфіі, зробленыя падчас афіцыйных дыпламатычных візітаў, выставачны праектаў, канцэртаў, адукацыйных праграм, важных спартыўных мерапрыемстваў і іншых падзей, якія зблізілі беларускі і кітайскі народы. Кожная з работ адлюстроўвае імкненне да ўсталявання сяброўскіх і добразычлівых адносін паміж дзвюма краінамі.
Выстава прадастаўлена пасольствам КНР у Беларусі. Плануецца, што ў цырымоніі яе адкрыцця прыме ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Гун Цзяньвэй, які знаходзіцца ў Віцебскай вобласці з трохдзённай рабочай паездкай. Праграма знаходжання дыпламата ўключае таксама сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады Віцебска і Полацка, наведванне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск", Полацкага малочнага камбіната.-0-