Фотавыстава "Халакост. Погляд праз 65 гадоў" адкрылася ў Віцебску

21 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фотавыстава "Халакост. Погляд праз 65 гадоў" адкрылася сёння ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У экспазіцыі прадстаўлена каля 70 работ, якія падзелены на дзве часткі. Да першай адносяцца чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя ў Віцебску ў 1941-1944 гадах. Гэта здымкі нявінных ахвяр з ліку мірнага насельніцтва, яўрэйскіх гета, масавых расстрэлаў вязняў, якія нямецкія салдаты адпраўлялі дадому як сведчанне сваёй воінскай доблесці. Сёння такія фотаздымкі захоўваюцца ў музеях, архівах, прыватных калекцыях. Другую частку выставы складаюць фотаздымкі, зробленыя ў 2007-2009 гадах у гарадах і вёсках Прыдзвіння. На іх захаваны помнікі, устаноўленыя на месцах масавых расстрэлаў ахвяр Халакосту, партрэты ветэранаў вайны і праведнікаў народаў свету, дзеці і ўнукі людзей, якія змагаліся з фашызмам. Мэта экспазіцыі - паставіць гледачоў перад пытаннем, ці памятаюць яны сваю гісторыю, людзей, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамаглі фашызм. Выстава прысвечана 65-годдзю Перамогі. Яе арганізатарамі выступаюць грамадскае аб'яднанне "Яўрэйскі культурны цэнтр "Мішпоха" і Віцебскі абласны краязнаўчы музей.-0-