Францыск Скарына прыйшоў на змену Карлу Марксу ў Полацку
26 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Францыск Скарына прыйшоў на змену Карлу Марксу ў Полацку. Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў напярэдадні святкавання 1147-годдзя горада вырашыў перайменаваць праспект, які носіць імя аўтара "Капітала", у гонар свайго ўраджэнца і беларускага кнігадрукара, расказала карэспандэнту БЕЛТА старшыня Полацкага гарсавета Вольга Ждановіч.
Рашэнне аб новай назве праспекта было прынята пасля шырокага абмеркавання і на падставе апытання грамадскай думкі. Гараджане аднадушна выказаліся за ўвекавечанне памяці свайго земляка. "Мы ніякім чынам не прымяншаем ролю Маркса ў сусветнай філасофіі і эканоміцы, але імя Скарыны дорага не толькі палачанам", - падкрэсліла Вольга Ждановіч. Дарэчы, вуліцы Леніна і Энгельса ў Полацку засталіся.
Сучасны Полацк з'яўляе прыклад паважлівага стаўлення да сваіх знакамітых ураджэнцаў. Ім усталёўваюць помнікі, у іх гонар называюць вуліцы. Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей), Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сымон Полацкі, генерал і абаронца Порт-Артура Раман Кандраценка - вось далёка не поўны пералік гістарычных асоб, чые імёны ўвекавечаны ў горадзе.
Неўзабаве ў Полацку з'явіцца помнік дойліду Іаану - аўтару Спаса-Праабражэнскай царквы Ефрасіннеўскага манастыра, вуліца ў новым мікрараёне таксама будзе названа ў яго гонар. Напярэдадні святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Полацку будзе ўвекавечана памяць гераічных абаронцаў горада салдат і афіцэраў 22-й арміі, якія ў чэрвені-ліпені 1941 года 21 дзень стрымлівалі націск ворага. У верасні адкрыецца бюст заснавальніку беларускага кіно, савецкаму рэжысёру і сцэнарысту Юрыю Тарычу, які нарадзіўся ў Полацку.-0-