Французская дэлегацыя азнаёміцца з развіццём сельгасвытворчасці і адукацыі ў Віцебскай вобласці
15 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэлегацыя горада Шоффай (Францыя) азнаёміцца з развіццём сельскагаспадарчай вытворчасці і адукацыі ў Віцебскай вобласці. Сяброў з горада-партнёра 16-22 красавіка будзе прымаць Наваполацк, расказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Вячаслаў Дурноў.
Паміж французскім горадам і нафтаградам падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. На гэты раз сяброўская дэлегацыя, у складзе якой будуць спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, азнаёміцца з арганізацыяй сельскагаспадарчай вытворчасці на прыкладзе СПК "Маяк-Браслаўскі" (Браслаўскі раён), наведае аграэкасядзібу.
У праграме візіту таксама наведванне агульнаадукацыйных навучальных устаноў Наваполацка і знаёмства з педагагічнымі новацыямі, якія актыўна ўкараняюць у школьны працэс наваполацкія настаўнікі. Яны падзеляцца з замежнымі калегамі методыкамі выкладання французскай мовы і вопытам прымянення ІТ-тэхналогій на ўроках па агульнаадукацыйных прадметах. Госці ўбачаць, як арганізуюцца пазашкольная праца і навучанне дзяцей дэкаратыўна-прыкладным мастацтву. Педагогі гарадскога цэнтра пазашкольнай работы правядуць для сваіх калег майстар-клас.
Чакаецца падпісанне праграмы супрацоўніцтва на 2011-2012 год паміж білінгвістычнай гімназіяй Наваполацка і навучальнымі ўстановамі Шоффая. Па выніках сустрэч кіраўніцтва Наваполацка і намесніка мэра Шоффая будзе выпрацавана стратэгія далейшага наладжвання кантактаў у эканамічнай сферы.-0-