Фрэскі часоў Ефрасінні Полацкай у Спаса-Праабражэнскай царкве раскрыюць праз два гады

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра праз два гады раскрыюць фрэскі часоў Еўфрасінні Полацкай. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў цэнтры інфармацыі БПЦ "Усіх смуткуючых Радасць" са спасылкай на намесніка старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалая Ільюшонка. Спас-Праабражэнскі храм быў заснаваны ў 12-м стагоддзі дойлідам Іаанам па благаславенні прападобнай Еўфрасінні, якая тады была ігуменняй Полацкага манастыра. Інтэр'ер царквы быў распісаны візантыйскімі і мясцовымі майстрамі. Гэта адзінае збудаванне, дзе з часоў Полацкага княства захаваўся насценны жывапіс. У мінулым годзе рэстаўратары спадзяваліся раскрыць старажытныя выявы, што былі схаваны пад пазнейшымі пластамі фрэсак. "Справа гэта карпатлівая. Спяшацца нельга. Павінна быць не толькі раскрыты ўнікальны жывапіс, але і захаваны пазнейшыя фрэскі - перанесены на спецыяльныя плёнкі, каб пасля экспанавацца ў музеі. Таму прызначаныя тэрміны прыйшлося адсунуць на два-тры гады", - растлумачыў Мікалай Ільюшонок. За дзень рэстаўратар раскрывае ўсяго дзесяць квадратных сантыметраў жывапісу. У Спаса-Праабражэнскай царкве ўжо трэці год працуюць спецыялісты з Масквы, якія маюць багаты вопыт у раскрыцці фрэсак у цэрквах старажытнарускай эпохі ў Расіі. Кошт усіх работ складае Br3,1 млрд. У мінулым годзе было асвоена Br300 млн. -0-