Фрыстайл і троеборства на турніку: у Віцебску прайшлі спаборніцтвы па street workout
У Віцебску на стадыёне сярэдняй школы №25 у нядзелю прайшоў летні збор па street workout (стрыт воркаут). пабываў на спаборніцтвах, ацаніў спартыўныя здольнасці хлопцаў і пагутарыў з арганізатарам вулічных трэніровак.
Street workout (вулічная трэніроўка) – разнавіднасць масавых фізкультурных заняткаў. Уключае ў сябе выкананне розных практыкаванняў на вулічных спортпляцоўках (на турніках, брусах, шведскіх сценках, іншых канструкцыях) або наогул без іх выкарыстання (на зямлі). Трэніроўкі патрабуюць вялікай фізічнай сілы і цягавітасці. Рух вельмі папулярны ў Расіі, Украіне (street workout падтрымлівае нават сын прэзідэнта Віктара Януковіча). У апошні час такі від аздараўлення збірае ўсё больш прыхільнікаў і ў Беларусі.
Як распавёў намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання "Цвярознасць-Аптымаліст" Андрэй Самсонаў, віцебскія прыхільнікі руху street workout рэгулярна трэніруюцца на стадыёне СШ №25. А раз на месяц тут жа праходзяць спаборніцтвы.
– Мы праводзім такія турніры, каб хлопцы маглі рэалізаваць сябе, лепшых узнагароджваем рознымі прызамі. Сёння ў нас будзе два конкурсы – сілавы фрыстайл і сілавое трохбор'е. Хлопцы прадэманструюць розныя сілавыя элементы на турніках і брусах. У сілавым трохбор'і ім трэба будзе падцягнуцца з гірай вагой 21 кілаграм, адціснуцца на брусах – з вагой 32 кілаграмы і зрабіць выхады сілай. За працэсам будуць назіраць трое суддзяў, яны прафесіяналы, – распавядае Андрэй Самсонаў.
– Колькі трэба трэніравацца, каб быць гатовым да выступлення на падобных спаборніцтвах?
– Адзін наш хлопец, Сяргей, месяц таму заняў першае месца на гарадскіх спаборніцтвах, у якіх удзельнічала каля 50 чалавек. Ён займаецца два гады, штодня. І зараз ужо пераўзыходзіць многіх больш дасведчаных рабят. А пачынаў ён з дзесяці падцягванняў – гэта звычайны школьны нарматыў. Стрыт-воркаут – гэта яго лад жыцця, як і для многіх, хто захапляецца гэтым рухам. Гэта лепш, чым бясконца сядзець за камп’ютарам. Зараз у Віцебску каля 200 актыўных прыхільнікаў стрыт-воркаута – гэта тыя людзі, якія рэгулярна прыходзяць на нашы трэніроўкі, спаборніцтвы. Але насамрэч іх значна больш – мы ж не можам ведаць усіх рабят у горадзе, хто займаецца гэтым відам спорту ў сябе ў двары, але не прыходзіць у наш клуб.
Акрамя спаборніцтваў, мы ўжо два гады запар праводзілі на плошчы Перамогі акцыю "Адцісніся за мір". Сёлета хлопцы адціскаліся 25 тысяч разоў – за кожны мірны дзень пасля Вялікай Айчыннай вайны.
– Як вы ацэньваеце стан гарадскіх дваровых і школьных стадыёнаў, ці падыходзяць яны для такіх трэніровак?
– На "трайку". У многіх дварах няма брусоў, турнікаў. Многія хлопцы хочуць, каб у іх двары ў крокавай даступнасці былі гэтыя снарады. Мы хочам напісаць калектыўны ліст, каб у Віцебску пабудавалі агульную пляцоўку, на якой мы маглі б праводзіць спаборніцтвы, дзе на трэніроўках быў бы інструктар. У якасці месца для такой пляцоўкі, да прыкладу, падыходзіць пустыр паміж гандлёвымі цэнтрамі "Еўраопт" і "Амега" на праспекце Будаўнікоў. Чаму б не зрабіць там для моладзі месца для паркура, стрыт-воркаута, а вакол – бегавую дарожку? Напрыклад, у Кіеве ёсць унікальная пляцоўка: на ёй гідрапарк, "качалка" на свежым паветры…
Стрыт-воркаутам займаюцца і дзяўчаты
Дарэчы, многія хлопцы гатовыя самі паўдзельнічаць у будаўніцтве падобнага аб’екта, каб у іх была магчымасць займацца на свежым паветры. Вы ж бачыце, тут адна моладзь – школьнікі і студэнты. Не ўсе з іх могуць трапіць у трэнажорную залу ў Лядовы палац ці іншыя спартзалы, таму што дорага: самі яшчэ не зарабляюць, а ў бацькоў фінансавыя магчымасці абмежаваныя.
Таму я і хачу наведаць наш гарвыканкам з нагоды будаўніцтва пляцоўкі пад стрыт-воркаут. Таксама нам хочацца набыць пераносную пляцоўку. Нас запрашаюць на розныя гарадскія мерапрыемствы, але ў нас няма нармальнай пераноснай пляцоўкі з турнікамі, каб паказваць свае здольнасці.
Як падзяліліся ўдзельнікі спаборніцтваў, якасныя спартыўныя тавары сёння не танныя (дапусцім, той жа набор разборных гантэлей каштуе 2 мільёны рублёў). Таму турнік – выдатная альтэрнатыва для тых, хто хоча быць здаровым і прыгожым, але не можа сабе дазволіць куплю дарагога спартыўнага абсталявання або абанемент у фітнес-цэнтр.
Пераможцамі ў сілавым фрыстайле сталі: Сяргей Сверчкаў (1-е месца), Дзяніс Быкоўскі (2-е месца), Цімафей Кавалеўскі (3-е месца). У сілавым троебор'і па суме ачкоў найлепшы вынік паказаў Антон Марозаў, на другім месцы Дзяніс Быкоўскі, на трэцім – Улад Наздрачоў. У якасці прызоў хлопцы атрымалі спартыўнае харчаванне.
Інфармацыя для тых, хто жадае далучыцца да віцебскіх прыхільнікаў street workout: іх трэніроўкі праходзяць на стадыёне СШ №25 па аўторках, чацвяргах і нядзелях з 19.00 да 20.30 (акрамя дзён, калі дрэннае надвор'е). Кантактны тэлефон: + 375 29 7 100 200 (МТС). Дадатковую інфармацыю можна таксама знайсці на старонцы http://vk.com/workout_vit.
Таццяна Мацвеева