Функцыянаванне Мытнага саюза павінна цалкам адпавядаць інтарэсам Беларусі - А.Лукашэнка

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Функцыянаванне Мытнага саюза павінна цалкам адпавядаць інтарэсам Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, знаёмячыся з дакладам аб першых месяцах дзеяння адзінага мытнага тарыфу і выніках пасяджэння Камісіі Мытнага саюза (КМС) 26 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Даклад Прэзідэнту прадставіў сустаршыня КМС ад беларускага боку, віцэ-прэм'ер рэспублікі Андрэй Кобякаў. У рабочай сустрэчы таксама прымаў удзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Леанід Анфімаў. "Мяне цікавіць, у агульным-то, адно галоўнае пытанне: наколькі гэты саюз і тыя прапановы і прапрацоўкі, якія былі зроблены ў ходзе вашых перамоваў у Маскве, адпавядаюць інтарэсам Беларусі, нашага народа?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пацікавіўся механізмам размеркавання сум увазных мытных пошлін па бюджэтах трох краін. "Натуральна, гэта невымерныя каэфіцыенты (Расія імпартуе тавараў у дзясяткі разоў больш, чым мы і Казахстан), але тым не менш выбудоўваць палітыку трэба так, каб мы ні ў чым не страцілі. Якая тут метадалогія разліку? Ці прыйшлі вы да адзінага меркавання?" - спытаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы будуем мытны саюз. Але трэба разумець, што ён будзе асуджаны на правал, калі мы ўжо на гэтым этапе пачнем уносіць нейкія папраўкі, выключэнні, якія супярэчаць гэтым працэсам, прыдумляць нейкую асаблівую мадэль... Калі мы ствараем мытны саюз, то павінны кіравацца яго класічным паняццем, класічнымі прынцыпамі, якія агульнавядомыя. Менавіта на такі саюз мы згаджаліся першапачаткова", - заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што Беларусь разглядае мытны саюз як этап на шляху да адзінай эканамічнай прасторы. "Калі там пачнуць рабіць агаворкі і вылучаць нафту, нафтапрадукты, газ, цукар, малако, масла, мяса, пшаніцу і гэтак далей - такі мытны саюз, напэўна, ні Расіі, ні Казахстану, ні Беларусі не патрэбны. Таму хацелася б выразна бачыць нашы інтарэсы і нашы пазіцыі, - сказаў беларускі лідар. - Я проста вас як кіраўніка беларускай дэлегацыі ў КМС папярэджваю: мы ні ў якім разе не павінны ні падмануць нашых партнёраў, ні адмовіцца ад сваіх інтарэсаў. Мы павінны вызначыцца менавіта зараз - таму што потым, калі гэты працэс стане незваротным, ужо будзе позна змагацца за ўласныя інтарэсы". Прэзідэнт дадаў, што трэба рабіць усё сумленна і добрасумленна. "Мы не настолькі багатыя, каб ахвяраваць нейкімі інтарэсамі. Мы не Казахстан і тым больш не Расія - у іх ёсць чым ахвяраваць, у іх дастаткова шмат запасаў вуглевадароднай сыравіны", - адзначыў ён. Інфармуючы кіраўніка дзяржавы, віцэ-прэм'ер Андрэй Кобякаў нагадаў, што з 1 студзеня 2010 года ўступіў у дзеянне адзіны мытны тарыф. У асноўным гэты працэс прайшоў нармальна, паколькі і да яго ўвядзення Беларусь мела дастатковую ступень уніфікацыі тарыфаў з краінамі - партнёрамі па МС. Работа тут арганізавана, і вялікіх праблем не ўзнікае, адзначыў Андрэй Кобякаў. Раней у суб'ектаў гаспадарання ўзнікалі пытанні, якім чынам будуць рэалізоўвацца іх інвестыцыйныя праекты, звязаныя з прымяненнем мытных льгот. Рашэннем КМС №130 ад 27 лістапада 2009 года на тэрыторыі трох дзяржаў па інвестыцыйных праектах, якія маюць важнае значэнне для нацыянальнай эканомікі, замацоўваецца дзеянне мытных льгот у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Неабходнай умовай для гэтага з'яўляецца паведамленне КМС, якая будзе весці адпаведны рэестр. Быў таксама агавораны парадак бязмытнага ўвозу тавараў ва ўстаўныя фонды прадпрыемстваў, якія фармуюцца з удзелам замежных інвестыцый. З 1 ліпеня 2010 года павінна запрацаваць адзіная мытная тэрыторыя. Але для таго, каб гэта было рэалізавана, трэба падрыхтаваць шэраг пагадненняў. Адным з ключавых з'яўляецца пагадненне аб размеркаванні ўвазных мытных пошлін. Як паведаміў віцэ-прэм'ер, дыскусія паміж экспертамі бакоў МС па гэтым пытанні вялася дастаткова актыўна. Бакі ўрэгулявалі пытанні, звязаныя з акумуляцыяй мытных плацяжоў, са своечасовым пералічэннем мытных плацяжоў паміж бюджэтамі бакоў. Практычна ўзгоднены параметры размеркавання ўвазных мытных пошлін паміж бюджэтамі. Падчас рабочай сустрэчы асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню ўвазных мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі для фізічных асоб. Андрэй Кобякаў паведаміў, што перамовы па пагадненні аб рэгуляванні ўвозу фізічнымі асобамі тавараў на тэрыторыю МС плануецца пачаць у бліжэйшы час. Яны павінны быць завершаны да 1 ліпеня. Калі ж гэтага не атрымаецца, будзе дзейнічаць нацыянальнае заканадаўства і прававога вакууму не будзе, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. Тое ж самае тычыцца і свабодных эканамічных зон. Беларускі бок зыходзіць з таго, што той сямігадовы параметр, які быў гарантаваны ўказам Прэзідэнта аб нязменнасці ўмоў для інвестараў у СЭЗ, будзе выкананы як мінімум на гэты перыяд. Віцэ-прэм'ер таксама далажыў аб рабоце па падрыхтоўцы Кодэкса Мытнага саюза да ратыфікацыі трыма парламентамі. У ходзе гэтай работы дэпутаты, бізнес-супольнасць, зацікаўленыя грамадзяне ўнеслі каля 150 прапаноў да Кодэкса, падпісанага 27 лістапада. Усе яны дэталёва разгледжаны. З 25 прапаноў, якія паступілі ад беларускага боку, 24 улічаны. Найбольшую дыскусію пры падрыхтоўцы канчатковай рэдакцыі Мытнага кодэкса выклікала фармулёўка артыкула аб тым, якім чынам будзе фарміравацца адзіная мытная тэрыторыя. Пазіцыя Беларусі і Казахстана заключалася ў тым, што яна павінна быць цэласнай тэрыторыяй, якая ахоплівае прастору трох дзяржаў. Расійскія ж партнёры першапачаткова настойвалі на тым, што адзіная мытная тэрыторыя павінна ўяўляць сабой сукупнасць трох мытных тэрыторый. Канчатковую рэдакцыю артыкула было вырашана зацвердзіць у варыянце, за які выступала Беларусь. Урад Беларусі мяркуе, што ў бліжэйшы час павінны быць урэгуляваны пытанні, звязаныя з вывазнымі мытнымі пошлінамі, паколькі пры такім фарміраванні адзінай мытнай тэрыторыі іх прымяненне ва ўзаемным гандлі немагчыма. Таксама павінны быць урэгуляваны пытанні, звязаныя з працэсам уступлення ў СА. Падчас даклада былі разгледжаны і іншыя тэмы, у прыватнасці падрыхтоўка да правядзення ў Брэсце 16 сакавіка Саюзнага Саўміна, праблемы двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, развіццё беларускага экспартнага патэнцыялу. Па ўсіх тэмах ураду дадзены канкрэтныя даручэнні Прэзідэнта.-0-