Футбол і водныя лыжы. У межах «Дажынак-2019» у Браславе пройдуць некалькі спартыўных спаборніцтваў.
Як падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, на свята ў Браславе арганізатары пастараліся сабраць найлепшыя творчыя сілы Віцебшчыны, майстэрства і таленты якіх прызнаны далёка за межамі паўночнага рэгіёна. Напрыклад, для спартсменаў будуць арганізаваны восем асноўных пляцовак.
Перад удзельнікамі і гасцямі «Дажынак» выступяць водналыжнікі — прадстаўнікі адной з наймацнейшых у свеце наваполацкай СДЮШАР №3 ім. М. Генова. На воднай роўнядзі знакамітых браслаўскіх азёр сваё майстэрства прадэманструюць спартсмены мясцовай паруснай школы. Выхаванцы ДТСААФ з Наваполацка згуляюць матч па мотаболе. Будзе што ацаніць і чым здзівіцца і прыхільнікам самай масавай спартыўнай гульні. Упершыню ў праграму абласнога свята працаўнікоў вёскі ўключаны таварыскі матч па футболе: на поле выйдуць жаночыя каманды Браслаўскага і Мёрскага раёнаў.
Традыцыйна сярод мерапрыемстваў, сугучных асноўнай тэматыцы свята, вылучаецца дэманстрацыя сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіла Прыдыбайлы, у Браславе будуць прадстаўлены 30 узораў найноўшай тэхнікі сусветнай і айчыннай вытворчасці, у тым ліку віцебскіх прадпрыемстваў.
— У сучасных умовах высокапрадукцыйная тэхніка дазваляе выконваць вытворчыя планы і забяспечваць патрабаваны ўзровень якасці работ, нівелюючы пры гэтым дэфіцыт спецыялістаў на вёсцы. Мы пакажам машыны і агрэгаты, на якія арыентуемся пры абнаўленні машынна-трактарнага парку для павышэння прадукцыйнасці сельскай працы, — адзначыў Міхаіл Прыдыбайла.
Сярод экспанатаў зоймуць месца ўзоры прадукцыі ААТ «Віцебскі мотаррамонтны завод». Гэта, напрыклад, мадыфікаваны ўзор універсальнай збожжатукавой навесной сеялкі з шырынёй захопу 4 м. Госці Браслава змогуць ацаніць глебаапрацоўчы агрэгат АДС-6, які дазваляе за адзін праход выконваць пяць аперацый. У цэлым гэтаму напрамку палявых работ віцебскія аграрыі надаюць вялікую ўвагу.
— Многія кажуць: на палях стала больш заўважна культура земляробства, што адназначна адбіваецца і на ўраджайнасці. Вынікам выканання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў стала тое, што, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, аграрыі Віцебшчыны забяспечылі валавы збор збожжа прыкладна на 200 тыс. т больш, чым у 2018-м, — падкрэсліў Міхаіл Прыдыбайла.