Футбалісткі віцебскага "Універсітэта" згуляюць з найлепшым клубам Еўропы ў Лізе чэмпіёнаў

20 жніўня, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. У штаб-кватэры УЕФА у швейцарскім Ньёне адбылася жараб'ёўка жаночай Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Ужо на першай стадыі розыгрышу чэмпіёнкам Беларусі футбалісткам віцебскага "Універсітэта" трэба будзе цяжкае выпрабаванне – жэрабя выбрала ім у сапернікі наймацнейшы клуб кантынента "Дуйсбург-2001". Гэтая нямецкая дружына ў мінулым сезоне стала пераможцам апошняга ў гісторыі розыгрышу Кубка УЕФА, які цяпер зменіць Ліга чэмпіёнаў. Першы матч 1/16 фіналу беларуская дружына правядзе ў сябе дома 30 верасня, а 7 кастрычніка згуляе ў Дуйсбургу. Пераможца гэтай двухраундовай дуэлі ў 1/8 фіналу сустрэнецца з лепшай камандай пары "Цюрых" (Швейцарыя) – "Лінчэпінг" (Швецыя). Адзначым, што ў цяперашнім чэмпіянаце Беларусі "Універсітэт" лідзіруе, набраўшы 27 ачкоў у 11 праведзеных гульнях. Віцебскія футбалісткі выйгралі 9 сустрэч, а яшчэ ў двух пацярпелі паражэнне. Згодна з рэгламентам Лігі чэмпіёнаў матчы 1/8 фіналу пройдуць 4 і 11 лістапада, чвэрцьфіналы прызначаны на 10 і 17 сакавіка 2010 года, паўфіналы – на 10 і 17 красавіка, а фінальны паядынак адбудзецца 20 мая ў Мадрыдзе. Там жа, дарэчы, 22 мая пройдзе і фінал мужчынскай Лігі чэмпіёнаў.-0-