Футбалісты БАТЭ страцілі першыя ачкі ў матчах чэмпіянату Беларусі
18 мая, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў чарговым матчы чэмпіянату Беларусі панеслі першыя ачкавыя страты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У хатнім паядынку 8-га тура лідары першынства нечакана згулялі ўнічыю з мікашэвіцкім «Гранітам» - 1:1. У гэтай гульні барысаўчане ўжо на 1-й хвіліне павялі ў ліку – гол забіў Максім Скавыш. Аднак затым госці аказалі фаварытам упартае супраціўленне, і на 71-й хвіліне Аляксандр Булойчык правёў адказны мяч. У сямі папярэдніх гульнях падапечныя Віктара Ганчарэнкі атрымалі сем перамог.
Унічыю завяршыліся яшчэ дзве сустрэчы. Футбалісты «Смаргоні» ў сябе дома разышліся мірам з салігорскім «Шахцёрам» - 2:2 (галы забілі – Міхаіл Літвінчук, 62-я, Дзмітрый Лебедзеў, 72-я; Сяргей Балановіч, 2-я, Раман Кірэнка, 88-я), у гульні магілёўскага «Дняпра» і жодзінскага «Тарпеда» лік не быў адкрыты – 0:0.
Вынікі астатніх матчаў 8-га тура: «Нёман» (Гродна) – «Віцебск» - 1:0 (Іван Дзянісевіч, 43-я), «Дынама» (Мінск) – «Нафтан» (Наваполацк) – 2:0 (Аляксандр Гаўрушка, 18-я, 60-я), «Мінск» - МТЗ-РІПА (Мінск) – 1:2 (Сяргей Кошаль, 87-я; Вітаутас Лукша, 4-я, Гіві Кварацхелія, 48-я), «Дынама» (Брэст) – «Гомель» - 3:1 (Вадзім Дземідовіч, 57-я, Дзмітрый Мазалеўскі, 85-я, Раман Васілюк, 90-я; Каліжуры Майкон, 73-я).
Становішча ў групе лідараў такое: БАТЭ -22 ачкі, «Дынама» (Мінск) і «Дынама» (Брэст) – па 14, «Нафтан», «Дняпро», «Нёман» - па 13.
У спрэчцы бамбардзіраў лідзіруе Сяргей Крывец (БАТЭ), які забіў 7 мячоў у брамы сапернікаў. Матчы наступнага тура адбудуцца ў суботу, 23 мая.-0-