Футбалісты барысаўскага БАТЭ і наваполацкага «Нафтана» разыграюць Суперкубак Беларусі
8 сакавіка, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Сёння матчам за Суперкубак у Беларусі афіцыйна адкрыецца футбольны сезон, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У барацьбе за ганаровы трафей на штучным полі мінскага футбольнага манежа сустрэнуцца чэмпіён Беларусі барысаўскі БАТЭ і ўладальнік Кубка краіны наваполацкі "Нафтан". Аматары спорту змогуць убачыць прамую трансляцыю гэтага паядынку на тэлеканале АНТ а 15.00. Судзейства матча будзе ажыццяўляць брыгада арбітраў з Мінска на чале з Андрэем Жукавым, інспектар сустрэчы – Міхаіл Архіпаў з Жодзіна.
Абодва сапернікі рыхтаваліся да сённяшняй гульні на турэцкіх футбольных палях. Футбалісты БАТЭ ў апошніх спарынгах не прайгравалі – у іх актыве перамогі над расійскімі клубамі "Том" (Томск) і "Волгай" (Ніжні Ноўгарад) з аднолькавым лікам 1:0, а таксама над казахстанскім "Атырау" – 2:1. У паядынку з расійскім "Растовам" была зафіксавана нічыя – 1:1. Адзначым, што вялікая група падапечных Віктара Ганчарэнкі на мінулым тыдні паспяхова выступала ў складах нацыянальнай і моладзевай зборных Беларусі ў матчах супраць армянскіх і расійскіх футбалістаў. У перыяд міжсезоння БАТЭ пакінулі Сяргей Крывец і Віталь Булыга, а з папаўнення адзначым бразільца Рэнана Брэсана і вядомага беларускага форварда Арцёма Канцавога.
Футбалісты "Нафтана" пад кіраўніцтвам Ігара Кавалевіча правялі ў Турцыі 6 кантрольных матчаў, у 4 з якіх атрымалі перамогі – над казахстанскім "Кайратам" – 2:0, польскай "Полоніяй" – 3:0, узбекскімі "Нафтавіком" – 3:2 і "Шуртанам" – 2:1. Акрамя таго, была нічыя ў гульні з узбекскім "Лакаматывам" – 1:1 і паражэнне ад расійскіх "Крылаў Саветаў" – 1:3. У ходзе падрыхтоўкі да новага сезона склад наваполацкай дружыны зведаў значныя змены. У іншыя каманды перайшлі, у прыватнасці, Дзмітрый Вярхаўцоў, Віталь Валадзянкоў, Дзмітрый Камароўскі і Максім Разумаў. Сярод навічкоў некалькі вядомых футбалістаў – Арцём Гамелько, бразільскі легіянер Жувенал і Арцём Чалядзінскі.-0-