Футбалісты гродзенскага «Нёмана» разграмілі наваполацкі «Нафтан»

5 лютага, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Футбольныя клубы вышэйшай лігі працягваюць падрыхтоўку да новага сезона. Акрамя трэніровак, каманды праводзяць і таварыскія матчы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Уладальнік Кубка Беларусі наваполацкі "Нафтан" падчас збору ў Гродне згуляў з мясцовым "Нёманам". На заснежаным штучным полі гаспадары аказаліся значна мацнейшымі, перамогшы з буйным лікам 3:0. Адзначым, што гэта ўжо другая перамога "Нёмана" ў цяперашнім міжсезонні – 21 студзеня падапечныя Алега Радушка ў мінскім футбольным манежы абыгралі сталічны МТЗ-РІПА 1:0. Наступны спарынг гродзенскія футбалісты таксама правядуць пад скляпеннямі манежа – 17 лютага яны сустрэнуцца з сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі мінскім "Дынама". Дынамаўцы тым часам рыхтуюцца да сезона на Кіпры. У першым кантрольным паядынку падапечныя Сяргея Гурэнкі згулялі ўнічыю з сербскім клубам "Ягодзіна" – 2:2. У гэтай гульні наша каманда пасля першага тайма прайгравала з лікам 0:2, а пасля перапынку два дакладныя ўдары нанёс Станіслаў Драгун, які выраўнаваў становішча. Наступным сапернікам мінчан 6 лютага будзе яшчэ адзін прадстаўнік сербскага чэмпіянату белградскі "Рад". У гэты ж дзень другі склад "Дынама" згуляе з чэшскім клубам "Пршыбрам". Чэмпіёны Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ сёння ў Сочы правядуць матч за 3-е месца на турніры Sochi Soccer Cup. Сапернікам барысаўцаў будзе сочынская "Жамчужына". Напярэдадні абедзве каманды прайгралі свае паўфіналы ў серыях пасляматчавых пенальці. Беларусы саступілі венскай "Аўстрыі", а гаспадары турніру былі слабейшыя за чэшскую "Вікторыю" з Пльзеня. Пасля завяршэння гэтых спаборніцтваў БАТЭ адправіцца на трэніровачны збор у Турцыю.-0-