Футбалісты наваполацкага «Нафтана» ўпершыню заваявалі Кубак Беларусі

1 чэрвеня, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Новым уладальнікам Кубка Беларусі па футболе 2008-2009 гадоў стаў наваполацкі "Нафтан", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У фінальным паядынку на сталічным стадыёне "Дынама" навапалачане здолелі абыграць футбалістаў салігорскага "Шахцёра" з лікам 2:1 (у дадатковы час). У канцы першай паловы сустрэчы, на 42-й хвіліне лік адкрыў вопытны форвард "Нафтана" Валерый Стрыпейкіс. У другім тайме гарнякі шмат атакавалі, але на вышыні былі абаронцы і галкіпер наваполацкай дружыны Мікалай Раманюк. Толькі за дзве хвіліны да заканчэння асноўнага часу матча раўнавагу аднавіў Сяргей Кавальчук. Лёс вырашальнага паядынка вырашыўся ў пачатку першага дадатковага тайма: на 95-й хвіліне пераможны гол забіў малады абаронца навапалачан Дзмітрый Вярхаўцоў. У час, што застаўся, салігорцы мелі некалькі выдатных магчымасцей для ўзяцця варот, але не выкарысталі іх. Нафтанаўцы маглі скарыстацца тым, што сапернікі пайшлі ў атаку вялікімі сіламі, але таксама не здолелі рэалізаваць выгадныя моманты ля варот Андрэя Паўлава. У выніку арбітр матча Андрэй Жукаў зафіксаваў перамогу падапечных Ігара Кавалевіча. Адзначым, што новаспечаны ўладальнік Кубка краіны стаў 13-м па ліку пераможцам гэтага турніру. Неўзабаве "Нафтану" трэба будзе дэбютаваць на міжнароднай арэне ў розыгрышы новага турніру - Лізе Еўропы, які ў гэтым сезоне прыйдзе на змену розыгрышу Кубка УЕФА. -0-