Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Харватыі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету

13 жніўня, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі харватам у адборачным матчы чэмпіянату свету - 2010, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. На мінскім стадыёне "Дынама" 12 жніўня падапечныя Бернда Штанге саступілі гасцям з лікам 1:3. У складзе пераможцаў два мячы забіў Івіца Оліч (22-я і 83-я хвіліны) і Эдуарду да Сілва (69-я). У беларусаў гол забіў Дзмітрый Веравацоў на 81-й хвіліне. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер гаспадароў Бернд Штанге сказаў, што яго падапечныя аказаліся слабейшымі за гасцей. Харвацкія футбалісты прадэманстравалі выдатны футбол і па праву атрымалі перамогу. Тым не менш, па словах нямецкага спецыяліста, у наступным матчы кваліфікацыйнага раўнда (у гасцях у Харватыі 5 верасня) зборная Беларусі пастараецца ўзяць рэванш. Настаўнік пераможцаў Славен Біліч адзначыў, што яго каманда паказала вельмі добры футбол і заслужана заваявала тры ачкі, якія дапамогуць у барацьбе за выхад у фінальны турнір чэмпіянату свету - 2010. Зараз становішча ў 6-й адборачнай групе такое: Англія - 21 ачко (7 матчаў; розніца мячоў 26-4), Харватыя - 14 (7; 15-7), Украіна - 11 (6; 9-6), Беларусь - 9 (6; 15-10), Казахстан - 3 (7; 7-22), Андора - 0 (7; 2-25). 5 верасня беларусы сустрэнуцца з харватамі ў Заграбе. У гэты ж дзень пройдзе сустрэча Украіна - Андора. Сапернікі нашай каманды напярэдадні няўдала правялі таварыскія сустрэчы. Каманда Украіны ў сябе дома саступіла зборнай Турцыі з буйным лікам 0:3, а англічане ў гасцях згулялі ўнічыю - 2:2 з галандцамі, прычым родапачынальнікі футбола пасля першага тайма прайгравалі з лікам 0:2, але затым здолелі выраўнаваць становішча.-0-