Футбалісты салігорскага «Шахцёра» і наваполацкага «Нафтана» згуляюць у фінале Кубка Беларусі
31 мая, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Сёння на сталічным стадыёне «Дынама» адбудзецца фінальны матч розыгрышу Кубка Беларусі па футболе «Шахцёр» (Салігорск) - «Нафтан» (Наваполацк). Уваход на вырашальны кубкавы паядынак, які пачнецца ў 18.00, будзе бясплатным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Для футбалістаў «Шацёра» гэта будзе ўжо чацвёрты фінал. Раней яны толькі аднойчы сталі ўладальнікамі Кубка краіны, перамогшы ў 2004 годзе «Гомель» з мінімальным лікам 1:0. А яшчэ два разы гарнякі саступалі ў вырашальных матчах – у 2006 годзе барысаўскаму БАТЭ – 1:3, а летась сталічнаму МТЗ-РІПА – 1:2. На шляху да сённяшняга фіналу «Шахцёр» па чарзе перамог «Асіповічы», «Камунальнік» (Слонім), «Граніт» (Мікашэвічы) і «Нёман» (Гродна).
Наваполацкі «Нафтан» упершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у фінал, таму будзе ўсімі сіламі імкнуцца заваяваць Кубак. Гэта дасць права прадстаўляць нашу краіну ў першым розыгрышы Лігі Еўропы, які прыйдзе на змену Кубку УЕФА. На папярэдніх стадыях сёлетняга кубкавага турніру навапалачане абыгралі нясвіжскі «Верас», мінскі «Лакаматыў», «Гомель» і барысаўскі БАТЭ.
Абодва фіналісты напярэдадні сённяшняй сустрэчы правялі матчы 10-га тура нацыянальнага першынства. Салігорскі клуб стварыў сенсацыю, перамогшы ў Барысаве дзейных чэмпіёнаў краіны футбалістаў БАТЭ – 3:2, а «Нафтан» саступіў у гасцях гродзенскаму «Нёману» з лікам 0:2.-0-