Футбольны матч паміж камандамі ксяндзоў і свецкай моладзі пройдзе ў Браславе

18 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Незвычайны футбольны матч зноў пройдзе ў Браславе на штогадовай епархіяльнай сустрэчы моладзі. Камандзе свецкіх маладых футбалістаў-аматараў будзе супрацьстаяць зборная ксяндзоў і клерыкаў, расказаў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар епархіяльнай сустрэчы ксёндз Лявон (Віцвіцкі). Па словах святара, такія футбольныя матчы ўжо паспелі стаць добрай традыцыяй. У мінулым годзе перамагла каманда ксяндзоў, а ў пазамінулым - каманда моладзі. Епархіяльная сустрэча моладзі праводзіцца ў чацвёрты раз. Як правіла, на яе прыязджаюць каля 400 маладых людзей з самых розных куткоў Віцебшчыны. Як падкрэсліў ксёндз Лявон, галоўная задача гэтых сустрэч - пазнаёміць маладых людзей паміж сабой і паказаць ім, што вольны час можна праводзіць з карысцю, прычым не толькі ў малітвах. Менавіта таму ў праграме сустрэч, якія пройдуць у Браславе з 19 па 22 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Азёр, нароўні з богаслужэннямі запланаваны не толькі футбольны матч, але і дыскатэка, начны вогнішча з прэзентацыяй талентаў удзельнікаў, дыскусіі са святарамі. Гэтым разам епархіяльная сустрэча пройдзе напярэдадні знамянальнай падзеі для ўсіх католікаў Беларусі: 22 жніўня адбудзецца каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай Каралевы Азёр, нагадаў святар. У маладых людзей будзе магчымасць прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, звязаных з каранацыяй, здзейсніць сумесную малітву з просьбай аб тым, каб урачыстасць у Браславе прынесла багатыя духоўныя плады.-0-