Варожбы на валёнках і парад-карнавал: «Калядны разгуляй» ладзяць у Полацкім раёне
"Калядны разгуляй" традыцыйна пачнецца ў вёсцы Багатырская, дзе ўжо 48 гадоў беражліва захоўвае і развівае калядныя традыцыі Полаччыны мясцовы творчы калектыў "Галасы спадчыны". На гэты раз усіх аматараў зімовых забаў тут чакаюць 12 студзеня. Змагацца за прызы, як заўсёды, будуць прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў раёна. Кожны з іх выстаўляе сваю калядную каманду з чатырох чалавек: зяздонос з зядой, мяханоша з мяшком, дасціпны завадатар і маскі (паводле мясцовых традыцый, гэта будзе вобраз козы, мядзведзя, бусла або каня). Сваю каманду могуць заявіць таксама ўсе ахвотныя.
Праграму насычанага дня адкрые парад-карнавал. Удзельнікі пройдуцца па вясковых падворках з каляднымі песнямі, танцамі і мяшкамі. Уладальнікам самага вялікага, апроч багатых дароў, дастанецца і перамога ў конкурсе. Выступленні працягнуцца творчым рынгам "Дзівосы на Каляды" з паказам звычаяў Полацкага раёна, выбарам лепшага пераапранутага калектыву ў конкурсе "Калядны гардэробчык" і іншымі спаборніцтвамі.
Галоўная ўвага на свяце будзе нададзена валёнкам. Іх усе каманды рыхтуюць загадзя, выкарыстоўваючы падручныя сродкі, свае веды і фантазію. Удзельнікі выберуць лепшую з прадстаўленых пар, затым з дапамогай валёнак пагавораць, потым у іх станцуюць, а ў канцы абутак правераць на трываласць у жартаўлівых баях.
Арганізатары свята абяцаюць усім раздолле гульняў і забаў, а для падтрымання сіл і энтузіязму - традыцыйную вясковую кашу і гарачы чай.