ДАІ 15-17 ліпеня ўзмоцніць кантроль хуткасці на трасе Мінск-Віцебск
15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя 15 ліпеня з 15.00 па 17 ліпеня 23.00 правядзе масаваную праверку асноўных аўтадарог на выкананне хуткасных абмежаванняў і правілаў абгону. Асаблівы кантроль будзе ажыццяўляцца на трасе М-3 Мінск-Віцебск. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык.
У ДАІ плануюць выкарыстоўваць увесь арсенал тэхнічнага забеспячэння, а таксама раяць кіроўцам быць гатовымі да невялікай хітрасці - інспектары задзейнічаюць аўтамабілі цывільнага выканання з усталяванымі ў іх прыборамі фотавідэафіксацыі "Арэна" і хуткаснымі радарамі. Інфармацыя аб парушальніках хуткаснага рэжыму будзе аўтаматычна перадавацца па каналах GPRS на мабільныя нарады ДПС, размешчаныя паблізу п.Бараўляны, Астрашыцкі Гарадок і гарадоў Лагойск і Плешчаніцы. Кантроль за хуткасцю будзе ажыццяўляцца ў абодвух напрамках.
Супрацоўнікі спецпадраздзялення ДПС "Стрэла" МУС будуць адпрацоўваць найбольш аварыйныя раёны Гомельскай вобласці: Мазырскі, Калінкавіцкі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі і інш.
Па інфармацыі Дзяржаўтаінспекцыі, з пачатку года на аўтадарогах рэспубліканскага значэння здзейснена 628 ДТЗ. Больш за 25 тыс. чалавек асуджаны за кіраванне ў нецвярозым стане. За шэсць месяцаў па віне п'яных кіроўцаў на дарогах Беларусі загінула 73 чалавекі, 341 - атрымаў траўмы і калецтвы.
У сувязі з гэтым ДАІ нагадвае, што з 12 жніўня ўступае ў сілу пастанова Саўміна, згодна з якой дапушчальны ўзровень утрымання алкаголю ў крыві будзе зніжаны з 0,5 да 0,3 праміле.
На сённяшні дзень, за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення кіроўца прыцягваецца да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 15 да 35 базавых велічынь (у цяперашні час адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.) з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 3 гады. Калі выпіўшы кіроўца да таго ж не мае права кіравання, то караецца штрафам у памеры ад 25 да 45 базавых велічынь. За паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане на працягу года кіроўца прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.-0-