ДАІ Віцебскай вобласці будзе змагацца з парушэннем правілаў паркоўкі з дапамогай "ПаркРайта"
ДАІ Віцебскай вобласці будзе змагацца з парушэннем правілаў паркоўкі з дапамогай апаратна-праграмнага комплексу "ПаркРайт". Дарагі прыбор для фіксацыі парушэнняў правілаў прыпынку і стаянкі набыты па лініі МУС Беларусі і неўзабаве будзе ўстаноўлены ў аўтамабілі ДАІ. Пра гэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў начальнік упраўлення ДАІ УУС аблвыканкама Уладзімір Бонадысенка на прэс-канферэнцыі па выніках 2014 года.
"Ёсць, вядома, сітуацыі, калі больш паставіць аўтамабіль няма дзе. Але каля многіх гандлёвых цэнтраў кіроўцы проста паркуюцца там, дзе ім зручна, часта парушаючы правілы. З гэтым мы будзем змагацца", - адзначыў Уладзімір Бонадысенка.
Прынцып працы прыбора просты: аўтамабіль ДАІ з усталяваным у ім "ПаркРайтам" праязджае месца, дзе прыпынак забаронены, пры гэтым прыбор фатаграфуе аўтамабілі. Праз 5 хвілін спецаўтамабіль вяртаецца, і прыбор фіксуе, якія аўтамабілі былі на гэтым жа месцы пры першым праездзе. Як і ў выпадку з датчыкам кантролю хуткасці, пры парушэнні выносіцца пастанова і адпраўляецца ўладальніку транспартнага сродку.
Акрамя таго, у 2015 годзе на дарогах вобласці плануецца ўсталяваць 60 датчыкаў кантролю хуткасці ў 30 кропках. Напрыклад, кіроўцы нярэдка перавышаюць хуткасць на дарозе Р20, якая праходзіць праз Шуміліна. Таму на гэтым участку будуць устаноўлены дзве камеры. Вызначана яшчэ 6 месцаў для 12 датчыкаў на дарозе М1, а па 20 датчыках месцы ўстаноўкі пакуль у стадыі распрацоўкі. "Хоць за парушэнне, зафіксаванае датчыкам кантролю хуткасці, зараз пазбаўленне правоў не прадугледжана, штраф моцна ўдарыць па кішэні ўладальніка аўто. Таму я ўпэўнены, што перавышаць хуткасць зараз будуць значна менш", - падкрэсліў Уладзімір Бонадысенка.
З прычыны перавышэння хуткасці ў вобласці ў 2014 годзе адбыліся 54 аварыі. Больш за 47 тыс. кіроўцаў затрыманы за гэта парушэнне, з іх у Віцебску - 13,4 тыс. Сярод усіх парушэнняў ПДР, якія спрыялі здзяйсненню ДТЗ, перавышэнне хуткасці займае другое месца, нязначна саступаючы парушэнням правілаў праезду пешаходных пераходаў.
Кацярына Князева