ДАІ Віцебскай вобласці праверыць стан дарог
8 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Віцебскай вобласці правераць стан зімовых дарог, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
Аператыўна-прафілактычная акцыя "Зімовая дарога" пройдзе ў рэгіёне з 9 па 19 лютага. На працягу дзесяці дзён дзяржаўтаінспектары вобласці будуць правяраць работу дарожна-эксплуатацыйных арганізацый, камунальных службаў выканкамаў, наяўнасць і тэхнічны стан машын і механізмаў, запасаў супрацьгалалёдных матэрыялаў. Таксама будуць праводзіцца выезды на месцы аварый, якія адбыліся на ўчастках з незадаволенымі дарожнымі ўмовамі.
Сумесна з прадстаўнікамі аўтатранспартных арганізацый, СМІ і службовымі асобамі дарожных і камунальных арганізацый супрацоўнікі ДАІ правядуць кантрольныя праверкі якасці ўтрымання аўтадарог і вуліц. Пры выяўленні парушэнняў вінаватыя службовыя асобы будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Акцыя накіравана на павышэнне бяспекі дарожнага руху, узмацненне кантролю за ўтрыманнем вулічна-дарожнай сеткі ў зімовых умовах. Аб выніках яе правядзення будуць праінфармаваны мясцовыя органы ўлады, раённыя і гарадскія камісіі па бяспецы дарожнага руху.-0-