ДАІ Віцебскай вобласці сумесна з расійскімі калегамі рыхтуе акцыю памяці ахвяр ДТЗ
Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці рыхтуе сумесную з калегамі з бліжэйшых абласцей Расійскай Федэрацыі акцыю, прымеркаваную да Дня памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
Да 18 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя вобласці падрыхтуе інфармацыйныя карткі з прозвішчамі і імёнамі, а таксама датай гібелі ўсіх людзей, якія трапілі ў ДТЗ з пачатку года. Затым карткі будуць прымацаваныя да стужкі, якую перададуць праз мяжу супрацоўнікам УДАІ УМВД па Смаленскай вобласці. Яны ў сваю чаргу працягнуць стужку данымі аб сваіх ахвярах, і так эстафета будзе перадавацца далей па расійскіх гарадах (свой удзел ужо пацвердзілі Курск, Бранск, Разань), а ў канчатковай кропцы агульная памятная стужка будзе прымацаваная да паветраных шароў і адпушчаная ў неба.
Ідэя гэтай акцыі зарадзілася на круглым стале "Кансалідацыя грамадства ў пытаннях папярэджання ДТЗ і зніжэння цяжкасці іх наступстваў" падчас міжнароднага фестывалю юных інспектараў руху "Беражыце жыццё", які прайшоў у Бранску 9-11 кастрычніка. Гэта мерапрыемства праводзіцца штогод з мэтай абмену вопытам, удасканалення работы па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Геаграфія ўдзельнікаў гэтага года ўключала гарады Арол, Смаленск, Бранск, Курск, Разань і Рэспубліку Беларусь. Для ўмацавання дружбы і супрацоўніцтва паміж УДАІ УМВД Расіі па Бранскай вобласці і ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ўпершыню была запрошаная каманда ЮІД з Аршанскага раёна. Таксама другі год запар Беларусь прадстаўляла каманда юных інспектараў руху з Рэчыцы Гомельскай вобласці.
Кацярына Князева