Галіна Унуковіч узначаліла Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галіна Уладзіміраўна мае важкі вопыт працы на кіруючай пасадзе. За гэты час зарэкамендавала сябе кваліфікаваным, ініцыятыўным кіраўніком. Яе адрозніваюць вялікая працаздольнасць, высокая адказнасць за даручаную справу. Прынцыповасць Галіны Унуковіч у вырашэнні праблем спалучаецца з уважлівым стаўленнем да людзей, іх патрэб і запытаў.
─ Мая галоўная задача ─ забяспечыць годны ўзровень жыцця кожнага грамадзяніна, ─ сказала Галіна Уладзіміраўна.
Як адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, у Бешанковіцкім раёне было зроблена нямала тымі кіраўнікамі, якія ўзначальвалі яго раней. Леанід Пянькоўскі даў старт развіццю прамысловай галіны. Гэту дзейнасць працягнуў Андрэй Булаўкін, які сёння стаў ля вытокаў аднаго з сямі аграпрамысловых аб'яднанняў Віцебшчыны на базе Аршанскага мясакансервавага камбіната.
Разам з тым сёння Бешанковіцкі раён мае шэраг праблем, адзначыў кіраўнік рэгіёну. Неабходна надаць асаблівую ўвагу развіццю сельскай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу і навесці парадак у гаспадарках, у кожнай павысіць якасныя паказчыкі, павялічыць вытворчасць прадукцыі, узмацніць кантроль і дысцыпліну, пры гэтым забяспечыць годны ўзровень заработнай платы, стварыць умовы для тых маладых спецыялістаў, хто хоча працаваць на карысць роднага раёна.
У Віцебскім аблвыканкаме лічаць, што Галіна Уладзіміраўна зможа выкарыстаць свае веды і вопыт, зробіць усё неабходнае, каб раён упэўнена развіваўся і выконваў усе дзяржаўныя праграмы.
Поспехаў у вырашэнні пастаўленых задач Галіне Унуковіч пажадаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ─ інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.
Даведка
Галіна Уладзіміраўна Унуковіч нарадзілася ў вёсцы Шыбекі Аршанскага раёна. Пачынаючы з 1994 года і на працягу чатырнаццаці гадоў яна працавала ў сістэме адукацыі Чашніцкага раёна, затым працавала намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
У 2010 годзе была прызначана намеснікам старшыні Глыбоцкага райвыканкама. З красавіка 2014-га працавала старшынёй раённага Савета дэпутатаў.
Галіна Унуковіч скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт у 1997 годзе па спецыяльнасці «Педагогіка і методыка пачатковага навучання», у 2006 годзе – па спецыяльнасці «Гісторыя», у 2010 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».