Гашэнне паштовай маркі «Наваполацк – культурная сталіца Беларусі» прайшло ў Наваполацку

Гашение почтовой марки «Новополоцк – культурная столица Беларуси» провели в Новополоцке
У межах рэспубліканскай акцыі «Наваполацк – культурная сталіца Беларусі» ў горадзе нафтавікоў прайшло спецыяльнае гашэнне паштовай маркі.

Памятны штэмпель выпушчаны ў абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, а «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт. На ім выяўлены Свята-Міхайлаўская царква, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста, Палац культуры ААТ «Нафтан», герб Наваполацка. Дызайн распрацаваў кіраўнік Наваполацкага архітэктурнага бюро Аляксандр Пісарук. Тыраж канверта – 65 тысяч экзэмпляраў.

Урачыстае гашэнне праходзіла ў будынку Палаца шлюбаў і ў аддзяленні паштовай сувязі Наваполацк-6. Да гэтай падзеі Музеем гісторыі і культуры Наваполацка і мясцовым філіялам «Белпошты» была падрыхтавана філатэлістычная выстава.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч і дырэктар Віцебскага філіяла «Белпошты» Сяргей Максак. Сяргей Эдуардавіч расказаў, што ў Беларусі штогод выпускаецца каля 50 памятных канвертаў, прымеркаваных да культурных, гістарычных падзей, прысвечаных прыродзе роднага краю. Ён таксама нагадаў, што першай у гісторыі незалежнай Беларусі стала марка з выявай Крыжа Ефрасінні Полацкай.

Усе прысутныя на мерапрыемстве атрымалі ў падарунак канверт, гашаны спецыяльным штэмпелем. Несумненна, гэты экзэмпляр увойдзе ў калекцыі філатэлістаў.

"Віцебскія весці".