Гастролі Санкт-Пецярбургскага тэатра балета імя Л. Якабсона пройдуць у Віцебску з аншлагам
27 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гастролі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета імя Л.Якабсона пройдуць у Віцебску з аншлагам. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца літаратурнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Святлана Дашкевіч.
Гастролі пецярбуржцаў першапачаткова планаваліся з 30 лістапада па 3 снежня. У афішы былі заяўлены іх лепшыя пастаноўкі: балеты "Рамэа і Джульета" Сяргея Пракоф'ева, "Лебядзінае возера" Пятра Чайкоўскага і "Спартак" Арама Хачатурана. Аднак з улікам павышанай цікавасці да класічнага мастацтва віцебскіх тэатралаў, якія маментальна раскупілі ўсе білеты, візіт расійскіх гасцей быў працягнуты. У дадатковы да асноўнага туру дзень - 29 лістапада - яны станцуюць знакамітае "Лебядзінае возера".
Пакуль жа на віцебскай сцэне будзе ззяць трупа Санкт-Пецярбургскага тэатра балета, калектыў тэатра імя Я.Коласа парадуе сваім мастацтвам жыхароў Расіі. Свае спектаклі-камедыі "Аднакласнiкi", "О-ля-ля" ("Вось табе i Ганна!") віцебскія артысты пакажуць у Бранску, Арле, Смаленску, дзе іх таксама ўжо чакаюць. -0-