Газавы храматограф папоўніў базу хіміка-таксікалагічнай лабараторыі Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі
Сучасны храматограф, набыты ўпраўленнем аховы здароўя аблвыканкама, дазваляе распазнаваць новыя варыяцыі сінтэтычных наркотыкаў, якія трапляюць у рукі моладзі.
Газавы храматограф папоўніў базу хіміка-таксікалагічнай лабараторыі абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі і прадаставіў шырокія магчымасці медыкам і зацікаўленым службам у барацьбе з наркаманіяй.
Апарат якасна і хутка вызначае наяўнасць наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў у біялагічных вадкасцях. Матэрыял на праверку лабарантам паступае з лячэбна-прафілактычных устаноў Віцебшчыны, а таксама ад асоб, дастаўленых на медыцынскае асведчанне супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Сучасны прыбор ідэнтыфікуе да 900 лекавых прэпаратаў, псіхатропных рэчываў,наркотычных сродкаў, і, што асабліва важна, выяўляе асобныя групы дызайнерскіх і сінтэтычных наркотыкаў. Калі раней, напрыклад, пра тое, ужываў падлетак так званы спайс ці не, медыкі меркавалі ў асноўным па клінічнай сімптоматыцы, то з'яўленне храматографа дало ім лабараторнае пацвярджэнне высноў. Улічваючы, што сінтэтычныя курыльныя сумесі пастаянна змяняюць свой склад, па меры выяўлення новых кампанентаў аўтаматычна абнаўляецца і папаўняецца электронная база спектраў даследаваных рэчываў храматографа, што дапамагае распазнаваць новыя варыяцыі дызайнерскіх наркотыкаў.
– На новае абсталяванне з сакавіка ажыццёўлена больш за 100 даследаванняў, – кажа загадчыца лабараторыі Ганна Лясун. – Працэс аўтаматызаваны і камп'ютарызаваны. Тэхнічныя магчымасці комплексу дазваляюць праверыць да 30 біялагічных асяроддзяў у суткі (з улікам кругласутачнай працы лабараторыі). Раней даследаванне ажыццяўлялася цалкам уручную і займала не менш за 4-5 гадзін. Цяпер лабаранты самастойна праводзяць толькі падрыхтоўку проб – ачышчаюць біялагічныя асяроддзі ад розных прымесей, што таксама дастаткова працаёмкі і працяглы працэс. Акрамя таго, новае абсталяванне валодае высокай адчувальнасцю, тым самым выключае верагоднасць як ілжыва-станоўчых, так і ілжыва-адмоўных вынікаў.
Лабараторыя на базе цэнтра існуе больш за 5 гадоў. Па словах Ганны Генадзьеўны, раней
значная доля даследаванняў праводзілася на наяўнасць алкаголю, але апошнія гады назіраецца нахіл у бок наркатычных рэчываў, прычым у многіх выпадках спецыялісты выяўляюць менавіта сінтэтычныя канабіноіды, якія найбольш агрэсіўна дзейнічаюць на арганізм.
Як паведаміла галоўны ўрач абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алена Мартынава, на Віцебшчыне колькасць выяўленых спажыўцоў наркотыкаў змяншаецца (так, за мінулы год паказчык знізіўся на 19,6% да ўзроўню 2014-га). У асноўным гэта маладыя людзі да 35 гадоў. Але сёння насцярожвае рост спажывання наркотыкаў сярод навучэнцаў школ, каледжаў, вучэльняў, прычым у асноўным за кошт аматараў спайсаў. Таму праблема захаплення моладзі навамоднымі наркотыкамі застаецца па-ранейшаму актуальнай, патрабуе эфектыўных метадаў працы, у тым ліку ў рамках міждзяржаўнага супрацоўніцтва аховы здароўя і праваахоўных органаў.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».