"Газпром" правядзe фінал карпаратыўнага фестывалю ў сталіцы "Славянскага базару"
30 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Газпрам" выбрала Віцебск месцам правядзення фіналу чарговага карпаратыўнага фестывалю самадзейных творчых калектываў і выканаўцаў даччыных таварыстваў і арганізацый "Факел". Пра гэта сёння на рабочай нарадзе, прысвечанай развіццю абласнога цэнтра, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як чакаецца, фестываль пройдзе ў трэцяй дэкадзе мая 2013 года. Побач з конкурснай праграмай, у якой возьмуць удзел самадзейныя калектывы прадпрыемстваў газавага гіганта, у якасці гасцей выступяць знакамітыя расійскія выканаўцы. Арганізатары фестывалю абяцаюць, што для жыхароў горада канцэрты з іх удзелам, запланаваныя на плошчы Перамогі, пройдуць бясплатна. Акрамя таго, ААТ "Газпрам" рыхтуе для фестывальнага Віцебска вельмі патрэбны і дарагі падарунак - сучасную мабільную сцэнічную пляцоўку.
Карпаратыўны фестываль "Факел" праводзіцца адзін раз на два гады па трохузроўневай схеме. Таму ў Віцебск на конкурс прыедуць лепшыя з лепшых самадзейных артыстаў, якія прайшлі праз конкурсны адбор на сваіх прадпрыемствах і перамаглі ў зональных турах. Першы карпаратыўны фестываль "Факел" прайшоў у 2004-2005 гадах. Журы фестывалю прадстаўляюць вядомыя дзеячы мастацтва і культуры Расіі. Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 5 да 10 гадоў, ад 11 да 16 гадоў уключна, ад 17 і старэй. У праграме фестывалю: вакал (народны, эстрадны, класічны, джазавы), харэаграфія (народная, эстрадная, бальная, класічная), вакальна-інструментальныя і інструментальныя ансамблі, эстрадна-цыркавы і арыгінальны жанр, фальклор.
Як растлумачылі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі цэнтра культуры "Віцебск", традыцыйным месцам правядзення газпрамаўскага фестывалю на працягу некалькіх гадоў быў Геленджык. Аднак, пабываўшы ў Віцебску напярэдадні падрыхтоўкі да фестывалю "Славянскі базар", а затым і на самім фестывалі, арганізатары "Факела" былі ўражаны маштабам арганізацыі і прынялі рашэнне аб тым, каб фінал юбілейнага V фестывалю "Факел" прайшоў у сталіцы "Славянскага базару" на яго галоўных канцэртных пляцоўках - у Летнім амфітэатры і ў канцэртнай зале "Віцебск".