Гендырэктар СТАА «ЛЛК-Нафтан» Міхаіл Бабушкін: «Лідэрскія пазіцыі здаваць не збіраемся»
Ва ўмовах жорсткай барацьбы за рынкі збыту наваполацкае СТАА «ЛЛК-Нафтан» годна канкуруе з сусветнымі лідарамі галіны на прасторах далёкага замежжа. У актыве прадпрыемства – тытул лепшага экспарцёра Рэспублікі Беларусь і высокая ўзнагарода за лепшую працу ў галіне імпартазамяшчэння прысадак да змазачных маслаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Што вызначае поспех, нам распавёў генеральны дырэктар прадпрыемства, уладальнік ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» Міхаіл Бабушкін.
– Міхаіл Алегавіч, ваша прадпрыемства валодае самым буйным на прасторах СНД комплексным тэхналагічным патэнцыялам па выпуску прысадак і 95% сваёй прадукцыі адпраўляе на экспарт. Як змянілася геаграфія паставак у апошнія гады?
– Дзесяць гадоў таму, калі мы толькі пачыналі, дамінуючым напрамкам была Расійская Федэрацыя. Час паказаў, што такая залежнасць не з'яўляецца перавагай, таму вядзём актыўную працу па дыверсіфікацыі, стараемся разгарнуць вектар у
боку далёкага замежжа. Як вынік, за межы краін мытнага прасторы летась адгрузілі 53, а па выніках студзеня – ужо 70% прадукцыі. Калі ў нас зіма, паспрабавалі пашукаць шчасця ў цёплых краях.
Асноўную ўвагу цяпер звяртаем на Блізкі Усход і Паўднёва-Усходнюю Азію, дзе ўдаецца паспяхова канкурыраваць з кітайскімі кампаніямі. Асноўны паток накіроўваем у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, асвойваем Сінгапур, замацоўваемся ў Індыі, хоць там, дарэчы, на піку развіцця знаходзяцца ўласныя вытворцы. Ёсць асобныя пастаўкі ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, пасля адпраўкі пробнай партыі атрымалі буйны заказ з Нігерыі. Захоўваем прысутнасць на рынках Еўропы. Стараемся пашыраць спіс краін-партнёраў, у цэлым іх каля дваццаці.
У дадзены момант удзельнічаем у шэрагу супольных праектаў з расійскай нафтавай кампаніяй «Лукойл», адным з нашых заснавальнікаў. Пастаўляем пакеты прысадак для суднаў, з дапамогай якіх яны рыхтуюць масла і распаўсюджваюць яго ў партах па ўсім свеце, што таксама ўмацоўвае пазіцыі экспарту.
– У чым заключаюцца вашыя канкурэнтныя перавагі?
– Усё пачынаецца з эканомікі. Мы планамерна працуем над зніжэннем вытворчых затрат, якія складаюць асноўную долю сабекошту. За два гады скарацілі іх на 30%. Пры тым, што паступова сыходзім у бок больш складаных, тэхналагічных прадуктаў, нашы цэны застаюцца канкурэнтаздольнымі.
З пункту гледжання якасці прадукцыі таксама маем станоўчы імідж, робім усё, каб адпавядаць чаканням і патрабаванням спажыўца. Актыўна інвестуем у новае абсталяванне і тэхналогіі. Але галоўнай канкурэнтнай перавагай лічым моцную каманду з 330 прафесіяналаў. Бо крыніцай любых інавацый заўсёды з'яўляюцца людзі.
– Ці цяжка ўладкавацца да вас на прадпрыемства, якія патрабаванні прад'яўляеце да спецыялістаў?
– З гонарам магу сказаць, што мы сфарміравалі сваю школу падрыхтоўкі спецыялістаў
– лепшую на постсавецкай прасторы, стварылі згуртаваны калектыў. Ён стабільны, але ў працэсе рэарганізацыі папаўняецца новымі людзьмі. Пры гэтым ідзе дастаткова жорсткі адбор, праводзіцца актыўная кадравая палітыка. Пры падтрымцы адпаведнай службы «Лукойла» мы арганізавалі ўласнае кіраванне па персанале.Шмат увагі надаём вывучэнню замежных моў. На ключавых пасадах без гэтага не абысціся. Уся камерцыйная служба валодае англійскай, некаторыя спецыялісты — яшчэ іспанскай і французскай. Па-іншаму нельга, мы экспартаарыентаванае прадпрыемства.
Вядома, абавязковая дысцыпліна. Акрамя таго, вельмі важна быць моцнымі духам, не пасаваць перад цяжкасцямі, каб не даць лодцы патануць, а разам грабці наперад па разбушаваным моры. Бо мы канкуруемся з сусветнымі акуламі бізнесу, натыкаемся на перашкоды, супраціўленне. Тэхналогіі стварэння новых прысадак сёння трымаюцца пад строгім сакрэтам, іх распрацоўваюць самі вытворцы. Зрабіць прадукт, які пераўзыходзіць імпартныя аналагі, вельмі няпроста. За дзесяцігадовую гісторыю кампаніі мы ўжо паставілі на вытворчасць каля 30 найменняў прысадак і столькі ж пакетаў прысадак, распрацавалі больш за 100 новых рэцэптур масел для нашых спажыўцоў.
У цэлым імкнемся, каб людзі працавалі ў камфортным асяроддзі, адчувалі аддачу, ведалі, што іх цэняць. Ствараем умовы для развіцця і кар'ернага росту, матывуем сістэмай заахвочванняў, умацоўваем карпаратыўны дух на спартыўных спаборніцтвах.
– Калі іншыя кампаніі ліхаманіць, вы дэманструеце ўстойлівы рост, спіс узнагарод вашага прадпрыемства ўражвае. Зусім нядаўна вы атрымалі ганаровую грамату за асабісты ўклад у развіццё расійскай нафтавай кампаніі «Лукойл» з рук яе прэзідэнта Вагіта Алекперава (на фота). А тыдзень таму СААА «ЛЛК-Нафтан» ужо не ў першы раз занесена на гарадскую Дошку гонару як пераможца працоўнага спаборніцтва па выніках мінулага года. Якімі былі галоўныя дасягненні?
– Прырост прамысловай прадукцыі ў дзейных цэнах склаў амаль 137% да ўзроўню 2014 года. Аналагічныя паказчыкі па экспарце, выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, прадукцыйнасці працы. Больш чым у два разы вырас прыбытак ад рэалізацыі, інвестыцыі ў асноўны капітал – 22 мільярды рублёў, або 237% да папярэдняга
перыяду. У выніку мы змаглі на 20% павялічыць заработную плату, акрамя таго, запрацавалі чатыры квартальныя прэміі. У найцяжэйшых умовах стараемся захаваць і нават перасягнуць гэтыя вынікі.– Згодны з тым, што крызіс дае новыя магчымасці для развіцця?
– Ёсць такі тэрмін «раскрываць рэзервы». Мы пастаянна імкнемся гэта рабіць. Так, сёння мяняецца геапалітычная абстаноўка, падае цана на нафтапрадукты, а следам – на змазачныя масла і прысадкі. Але шэраг момантаў можна звярнуць і ў сваю карысць, да прыкладу, танней закупіць сыравіну. Акрамя таго, крызіс мабілізуе ўнутраныя рэсурсы, заахвочвае дзейнічаць нестандартна, прымаць больш эфектыўныя рашэнні і атрымліваць адпаведны вынік.
Прыемна, што нашы старанні адзначаюць на ўзроўні горада, вобласці і рэспублікі, бо мы жывем угэтай краіне і працуем на яе дабро. Але гэтак жа ганарова атрымліваць узнагароды за мяжой. Прызнанне накладае адказнасць і дадае сілы працягваць распачатае з яшчэ большым натхненнем. Мы маем намер падладжвацца пад любыя эканамічныя ўмовы, пашыраць свой бізнес і ўпэўнена ісці наперад. Свае лідэрскія пазіцыі здаваць не збіраемся.
Ларыса Малашаня, «Віцебскія весці».