Генеральным туроператарам XX фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" стала "База адпачынку "Крупеніна"

25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Генеральным туроператарам XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стала дзяржаўнае прадпрыемства "База адпачынку "Крупеніна", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў. Генеральны туроператар валодае правамі забеспячэння турагентстваў аб'ектамі для размяшчэння арганізаваных турыстычных груп, а таксама білетамі на канцэртна-відовішчныя мерапрыемствы для ўключэння ў кошт фестывальных тураў. Як паведамілі ў турыстычным аддзеле "Базы адпачынку "Крупеніна", акрамя размяшчэння і білетаў тут гатовы прапанаваць кліентам вялікі пералік тураў, разлічаных як на адзін дзень, так і на шматдзённае прабыванне. На выбар прапануюцца маршруты па Віцебску, вобласці і ўсёй Беларусі. Усе яны ўключаны ў каталог, распрацаваны спецыяльна да "Славянскага базару". Аднак па жаданні турыстаў для іх могуць распрацоўвацца і спецыяльныя праграмы. Упершыню генеральны туроператар фестывалю быў вызначаны ў 2010 годзе. Тады было рэалізавана звыш 2 тыс. білетаў на фестывальныя мерапрыемствы на суму Br134,5 млн. Дзяржаўнае прадпрыемства "База адпачынку "Крупеніна" было ўтворана ў 2000 годзе. Яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі абласны выканаўчы камітэт. -0-