Генадзь Сабыніч: "Сёння стаўку трэба рабіць на апрацоўку глебы і забеспячэнне харчовай бяспекі Віцебшчыны"
– У канцы мінулага года мы прынялі рашэнне штомесяц праводзіць падобныя сустрэчы з выездам у раёны. Ім папярэднічае маштабная падрыхтоўка, збор даных. Гэта дазволіць больш эфектыўна адсочваць сітуацыю і ўносіць карэкціроўкі ў дзейнасць, дысцыплінаваць калег на месцах, – падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Сабыніч. – Акрамя таго, старшыням райвыканкамаў штоквартальна трэба будзе справаздачыцца на ўзроўні аблвыканкама аб выніках у сферы АПК. На жаль, некаторыя з іх бачаць будучыню сваіх тэрыторый у развіцці турызму, а не сельскай гаспадаркі. Я не згодны: прыцягваць турыстаў – перспектыўная ідэя, але сёння стаўку трэба рабіць на апрацоўку глебы і забеспячэнне харчовай бяспекі Віцебшчыны.
У межах мерапрыемства быў прааналізаваны ход падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ, наяўныя цяжкасці і шляхі іх вырашэння. Удзялілі ўвагу забяспечанасці гаспадарак насеннем збожжавых, збожжабабовых культур і траў, сродкамі абароны раслін. Спыніліся на дзейнасці мехатрадаў, вывазцы арганікі і ўнясенні калійных угнаенняў. Таксама ўдзельнікі калегіі абмеркавалі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны ў студзені, пабывалі на мехдвары СУП «Северный», у цэнтры кампетэнцый «Дыягностыка, эксплуатацыя, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне энергонасычаных трактароў» і лабараторыі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце энергонасычаных трактароў і грузавых аўтамабіляў Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Прагучала шэраг крытычных заўваг, якія трэба ліквідаваць у найкароткія тэрміны.
– Вынік шмат у чым залежыць ад людзей, іх прафесіяналізму, дысцыпліны і адданасці справе. Таксама важная роля кіраўнікоў гаспадарак і райсельгасхарчоў. Яны павінны ствараць неабходнае напружанне сярод калег, матываваць іх на новыя здзяйсненні, пошук нестандартных рашэнняў, – падкрэсліў Генадзь Сабыніч. – На Віцебшчыне аграрыям заўсёды было нялёгка выконваць пастаўленыя задачы, але яны спраўляліся. Сакрэт у тым, што нашы папярэднікі, нягледзячы на цяжкасці, дзейнічалі, а не шукалі прычыны і тлумачэнні таму, чаму ў іх не атрымліваецца. Да гэтага заклікаю і цяперашняе пакаленне працаўнікоў вёскі. На жаль, не ўсе прыслухоўваюцца. Адсюль і ўзнікаюць праблемы, у тым ліку са своечасовасцю падрыхтоўкі тэхнікі і насення да сяўбы, прывесамі і надоямі ў жывёлы. Час яшчэ ёсць, спадзяюся, памылкі будуць улічаны і выпраўлены.