Генпадрадчык перадаў на абслугоўванне энергетыкам Віцебскую ГЭС

Урачыстая цырымонія закрыцця кантракта па будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама, прадстаўнікоў беларускай энергасістэмы і кітайскага боку прайшла на гідраэлектрастанцыі ў Віцебскім раёне.

Падчас цырымоніі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус адзначыў, што з уводам год таму ў эксплуатацыю Віцебскай ГЭС зроблены значны ўклад у развіццё малой энергетыкі Беларусі і уцягванне ў энергетычны баланс краіны аднаўляльных крыніц.

"Гідраэлектрастанцыя стала самай магутнай у Беларусі. Яе гідравузел уключае чатыры турбіны агульнай магутнасцю ў 40 мегават. Праектная гадавая выпрацоўка электраэнергіі дазваляе забяспечыць ёю ўсіх спажыўцоў Віцебскага раёна. У рэалізацыі праекта было задзейнічана больш за дзесяць праектных, будаўнічых і мантажных арганізацый. Дзякуючы Віцебскай ГЭС энергасістэма краіны штогод эканоміць больш за 40 тыс. т умоўнага паліва. Але яе будаўніцтва - не першы вопыт супрацоўніцтва з кітайскімі кампаніямі ў сферы энергетыкі. У 2014 годзе на Лукомльскай ДРЭС быў запушчаны дзевяты парагазавы энергаблок, які пабудаваны Кітайскай машынабудаўнічай карпарацыяй", - сказаў Уладзімір Белавус.

Па яго словах, супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі працягваецца ў сферы будаўніцтва жылля - цяпер узводзяцца чатыры жылыя дамы на 276 кватэр у Віцебску, Лепелі, Полацку і Наваполацку. Кампаніямі з Паднябеснай праведзена мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната. У першым паўгоддзі 2018 года кітайскімі фірмамі прадстаўлены інвестыцыйныя прапановы па будаўніцтве буйных малочна-таварных ферм, камбікормавых заводаў, мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў і турыстычных комплексаў.

У гутарцы з журналістамі генеральны дырэктар РУП "Віцебскэнерга" Міхаіл Лузін дадаў, што з сённяшняга дня станцыя цалкам эксплуатуецца беларускімі спецыялістамі. Тым не менш, ёсць дамоўленасць, што калі ўзнікнуць праблемы, кітайскі бок гатовы дапамагчы ў іх вырашэнні. Таксама плануецца ў далейшым правесці таргі, і калі цана задаволіць беларускі бок, то сэрвіснае постгарантыйнае абслугоўванне будуць

аказваць партнёры з Паднябеснай.

"У кантракце быў прадугледжаны адзін год гарантыйнага перыяду. За гэты час разам з кітайскімі калегамі асвойвалі, як трэба працаваць у зімовы перыяд, падчас паводак. Нашы партнёры выканалі ўсе свае абавязацельствы, і сёння мы падпісалі пасведчанне аб заканчэнні кантракта", - распавёў Міхаіл Лузін.

Прэзідэнт кітайскай кампаніі CNEEC Чжан Яньфэй падзякаваў беларускіх энергетыкаў, розныя арганізацыі за супрацоўніцтва і пасольства Кітая ў Беларусі за падтрымку. Ён запэўніў, што ўсе работы былі выкананы якасна.

Завяршылася ўрачыстая цырымонія закрыцця кантракта па будаўніцтве Віцебскай ГЭС перадачай памятнага ключа беларускаму боку ад кітайскага.

Будаўніцтва гідраэлектрастанцыі доўжылася 5 гадоў. Да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта РУП "Віцебскэнерга" прыступіла ў 2012 годзе. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступала Кітайская нацыянальная карпарацыя электраінжынірынгу (CNEEC). Будаўніцтва Віцебскай ГЭС уключала тры чаргі: гідравузел, ложа вадасховішча і выдача магутнасці. Кошт інвестпраекта склаў $189 млн, з іх $50 млн затрачаны на будаўніцтва суднаходнага шлюза. Праца новай гідраэлектрастанцыі дазваляе знізіць спажыванне імпартуемага прыроднага газу.

Агульная колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць на ГЭС, складае 29 чалавек, дзесяць з іх - персанал, які забяспечвае кругласутачнае дзяжурства. Вопыт беларускія энергетыкі пераймалі ад калег з Паднябеснай.

Праектная гадавая выпрацоўка электраэнергіі Віцебскай ГЭС складае 138 млн кВт•г. За мінулы з моманту ўводу ў эксплуатацыю год станцыя выпрацавала больш за 164 млн кВт•г. Гэта звязана ў першую чаргу з пагоднымі ўмовамі, якія забяспечылі добры прыток вады на Заходнюю Дзвіну.

БЕЛТА.