Генпракуратура Беларусі рыхтуе прапанову аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў
26 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Генеральная пракуратура Беларусі рыхтуе прапанову па канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, які праводзіў сёння прыём грамадзян па асабістых пытаннях у СААТА "Марка" у Віцебску.
Па словах Аляксандра Канюка, пракуратура, МУС, Міністэрства юстыцыі і яшчэ шэраг органаў ужо даўно ініцыявалі пытанне ўзмацнення пакарання нецвярозых кіроўцаў. "Адбылося першае пасяджэнне, дзе распрацоўвалася ўнясенне канкрэтных змяненняў у законы - адміністрацыйны і крымінальны. У прыватнасці, мы рыхтуем прапанову па канфіскацыі аўтамабіляў, прапануем узмацніць адказнасць у плане павелічэння тэрмінаў зняволення ў выпадках, калі па віне п'янага кіроўцы загінулі людзі", - сказаў генеральны пракурор. Па яго словах, рабочай камісіі пастаўлена задача ўнесці канкрэтныя прапановы да пачатку лістапада, а потым пачнецца заканадаўчы працэс.
Аляксандр Канюк пракаментаваў заканадаўчую ініцыятыву намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, які звярнуўся да кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, МУС, Генпракуратуры з прапановай змагацца з п'янымі кіроўцамі пры дапамозе нанясення на руку п'янаму кіроўцу спецыяльнага знака цяжка змываемай фарбай, прастаўлення штампа ў пашпарце і канфіскацыі аўтамабіля. "Усе гэтыя заявы - штамп на лоб, лілея на плячо, яшчэ там нешта - не больш чым палітычны піяр. А мы робім канкрэтныя рэчы", - сказаў Аляксандр Канюк, яшчэ раз нагадаўшы, што зацікаўленыя ведамствы ўжо даўно ініцыявалі пытанне ўзмацнення пакарання нецвярозых кіроўцаў.-0-