Генпракуратура выявіла грубыя парушэнні заканадаўства на Аршанскім мясакансервавым камбінаце

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральная пракуратура пры ўдзеле работнікаў МНС падчас праверкі стану супрацьпажарнай бяспекі і аховы працы ў ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат" выявіла грубыя парушэнні дзеючага заканадаўства. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Генпракуратуры.

Па выніках праверкі генеральны пракурор накіраваў першаму намесніку прэм'ер-міністра Беларусі інфармацыю аб неабходнасці прыняцця мер да ліквідацыі дапушчаных парушэнняў і прыцягнення да адказнасці шэрагу службовых асоб камбіната. У сваю чаргу ў адказе, які паступіў у пракуратуру, паведамляецца, што з прадпрыемства звольнены галоўны інжынер, адказны за стан работы па ахове працы і пажарнай бяспецы, а таксама галоўны механік і майстар механічнага ўчастка.

Больш таго, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разгледзіць пытанне аб мэтазгоднасці далейшай працы цяперашняга гендырэктара ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат". Гэта будзе зроблена па выніках расследавання крымінальнай справы, якая была ўзбуджана ў гэтым годзе пасля пажару на камбінаце.

Як паведамлялася, пажар у галерэі халадзільнага цэха камбіната адбыўся 24 мая. У выніку чатыры работнікі прадпрыемства - трое мужчын і адна жанчына - загінулі. Прычынай смерці людзей стала атручэнне ядавітымі вылучэннямі палаючага ўцяпляльніка. Па дадзеным факце пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па ч.3 арт.306 КК "Парушэнне правіл аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб". Яго расследаванне знаходзіцца на кантролі Генеральнай пракуратуры.-0-