Геральдычныя сімвалы Віцебскай вобласці - у моднай калекцыі
Учащиеся Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа змаглі ўвасобіць геральдычныя сімвалы Прыдзвіння ў моднай калекцыі. Ідэя стварэння такіх незвычайных і вельмі патрыятычных строяў належыць дырэктару навучальнай установы Ірыне Кісялёвай, а рэалізаваў яе творчы калектыў выкладчыкаў і студэнтаў. Для пачатку давялося вывучыць нямала літаратуры па геральдыцы. А затым узяцца за працу: малюнкі гербаў выканала Людміла Шылко, сілуэты сукенак – справа рук мадэльера-канструктара Людмілы Ціханавай, вышыўкай займаліся пад кіраўніцтвам Вольгі Башынскай.
У выніку з'явіліся 22 мадэлі: 21 горад на чале з «Віцебскай вобласцю». Кожная сукенка выканана ў каляровай гаме сімволікі таго ці іншага населенага пункта, з выявай герба і вышытым назовам. Вянок калекцыі – касцюм, на якім размясціўся герб Віцебскай вобласці, які адлюстроўвае сілу, гонар, адвагу і перамогу.
– Лічым, гэта вельмі важна, бо пры стварэнні касцюмаў праведзена вялікая выхаваўчая праца. І дэманстрацыя сукенак дзейнічае патрыятычна на нашых мадэляў і гледачоў, – адзначыла мастацкі кіраўнік тэатра моды «Стыль» Таццяна Іванова.
Калекцыю ўжо ўбачылі не толькі віцябляне, але і жыхары іншых гарадоў Прыдзвіння: дзяўчаты ўпрыгожвалі сабой юбілей Полацка і Дзень пісьменства ў Глыбокім. Убачылі ўнікальныя ўборы і ў сталіцы на рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі «Беларускі вянок». Ці варта казаць, што ідэя і яе ўвасабленне выклікалі захапленне ў сталічных гледачоў. Нядаўна калекцыя была таксама прадстаўлена ў Віцебску на абласной выставе «100 ідэй для Беларусі».
Вольга МАСЛОЎСКАЯ,"Віцебскі рабочы"
Фота Алега КЛІМОВІЧА. vitliner.com